Гэта ўжо сёмая версія Міжнароднага кінафорума дакументальнага кіно пра правы чалавека, які ладзіцца ў Мінску. Сёлета незалежны фестываль, што пройдзе з 9 па 13 снежня на пляцоўках ОК16 і Корпус, абраў сваёй тэмай тэзу «паважаныя грамадзяне».
— Мы сабралі самыя актуальныя дакументальныя працы пра «паважаных грамадзян» у Беларусі і за яе межамі, — падкрэслівае каманда фэсту. — Мы пакажам фільмы пра паважаных дактароў, паважаных людзей з асаблівымі патрэбамі, паважаных работнікаў культуры і шматлікіх іншых грамадзян у нашай краіне і па ўсім свеце.
Па просьбе аглядальніка Reform.by дырэктарка WATCH DOCS Таццяна Яворская распавяла пра яскравыя фільмы праграмы і запуск у рамках кінафоруму краудфандынгавай кампаніі па падтрымцы беларускіх рэжысёраў.
— Калі вам цікава даведацца пра тое, як намі маніпулююць, то раю паглядзець фільм «Уплыў» Даяны Нейл і Рычарда Поплака, сусветная прэ’мера якога прайшла на кінафестывалі Sundance, — адзначыла яна цікавосткі праграмы. — «Аднойчы ў Венесуэле» Анабэль Радрыгес Рыас — фільм-прэтэндэнт на «Оскар», але галоўнае вы здзівіцеся наколькі мы венесуэльцы. І ўсім абавязкова раю ўбачыць стужку Максіма Шведа «Маршрут перабудаваны» пра нас ужо ўчорашніх.
Таццяна Яворская не абмінула ўвагай і конкурс беларускіх дакументальных карцін. Ён складаўся з заявак, якія дасылалі рэжысёры. Далей адбор фільмаў ладзіўся калектыўна камандай фэсту.
— Банальна казаць, што праграма конкурсу цікавая, таму зазначу, што яна — прэм’ерная, — вылучыла адметнасць сёлетняй падборкі дырэктарка WATCH DOCS. — Амаль усе фільмы будуць паказаны ўпершыню. Ды нават стужка 2019-га года «Лебедзі» Галіны Адамовіч пра брыгаду хуткай дапамогі для шырокай аўдыторыі офлайн раней не дэманстравалася (яе прэм’ера адбылася анлайн на фестывале Belarus Docs).
— Тэмы карцін вельмі разнастайныя і надзённыя, — працягвае Таццяна Яворская. — Гэта і падзеі жніўня («Трылогія: Беларусь 2020» Андрэя Куцілы, Максіма Шведа, Кацярыны Маркавец), і ахвяры сумнавядомага артыкула 328 («Гэта песня называецца «328» Аляксандры Дынько). Да таго ж у нас адбудзецца і дэбют маладой рэжысёркі Алісы Іода, — «Структура». Аліса скончыла Універсітэт культуры і мастацтва і зняла фільм пра работнікаў культуры ў рэгіёнах.
Літаральна днямі WATCH DOCS распачаў збор сродкаў на Talaka.by на народную Прэмію беларускім рэжысёрам ад гледачоў. Данатарам абяцаюцца не толькі публічныя падзякі, але каштоўныя заахвочванні — запрашальнікі на прагляды фільмаў конкурснай праграмы, паштоўкі і плакаты ад Уладзіміра Цэслера, кніга Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя» з аўтографам аўтара, ці афіша леташняга фестывалю з арыгінальным аўтографам Рычарда Гіра.
— Чаму для нас было важна зладзіць гэту Прэмію? — перапытвае Таццяна Яворская. — Тут некалькі складнікаў. Па-першае, ёсць некалькі літаратурных прэмій, чаму б не мець хаця б адну ў сферы незалежнага дакументальнага кіно? На жаль, у нас няма развітой індустрыі кіно, няма фінансавых праграм для незалежнага кінематографа, няма асабліва мецэнатаў, што дапамагалі б маладым рэжысёрам. Мы ведаем, як дорага зняць стужку, колькі на гэта ідзе высілкаў нават у звычайных умовах. Ведаем, што шмат рэжысёраў робяць гэта ў вольны ад пастаяннай працы час, за свае грошы. Чаму не зрабіць для іх прыемны фінансавы бонус? Па-другое, краудфаунд падыход — гэта яшчэ адна сувязь паміж рэжысёрамі і гледачамі апроч зносін пытанне-адказ пасля прагляду фільма. Мы даем магчымасць тым, хто бачыць у дакументальным кіно унікальнае мастацтва, разумее, што яно сапраўды змяняе свет і нас у ім у лепшы бок, прыкласці руку да гэтай справы. Так што запрашаем далучацца да кампаніі, прыходзіць на паказы і галасаваць за лепшы фільм. Маскі, шчыткі і дыстанцыю мы забяпечым.
Нагадаем, што ўваход на сеансы фестывалю дакументальнага кіно WATCH DOCS вольны.
Цалкам пазнаёміцца з праграмай WATCH DOCS можна на сайце. Падтрымаць дакументалістаў можна тут.