Шматпакутны фільм «Купала» Уладзіміра Янкоўскага пра лёс народнага паэта Беларусі Янку Купалу зведаў чарговы этап цэнзуры. Звесткі пра карціну, якая з 2020 года ляжыць на паліцы, прыбралі з сайта Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».
На сайце інфармацыя пра стужку «Купала» не адлюстроўваецца ні ў аддзеле «Фільмаграфія», ні ў «Студыі ігравых фільмаў». Адно трэйлер «Купалы» можна пабачыць ў агульным рэкламным зборніку ігравых праектаў за 2020-2021 гады — разам з трэйлерамі фільмаў «Авантуры Пранціша Вырвіча» і «Лёс дыверсанта». Варта дадаць, што на сайце таксама не ўдалося адшукаць звестак і пра «Авантуры Пранціша Вырвіча» паводле твораў Людмілы Рублеўскай — гэта таксама беларускаарыентаваная карціна.
Магчыма, падобныя «замоўчванні» — звычайны тэхнічны збой, непаладкі на сайце. Але раней на рэсурсе без праблем можна было адшукаць інфармацыю пра «Купалу» — літаральна з другога кліка. Сёння ж на старонцы «ігравых праектаў» «Беларусьфільма» ў шапцы вісяць афішы чатырох карцін — дэтэктыва «У пошуках анёла» Ігара Чацвярыкова (2022), гістарычнай драмы «Полымя пад попелам» Івана Паўлава (2021), ваеннай карціны «Лёс дыверсанта» Дзмітрыя Астрахана (2021), камедыйнага серыяла «Ілюзіі» зноў Івана Паўлава (2019). Фільмы цалкам «правераныя», так сказаць. А вось інфармацыйныя матэрыялы пра «Купалу» і «Авантуры…» схаваныя куды падалей — як сведчанні, мабыць, прыкрых «памылак» студыі «перыяду адлігі».
Затое актывізаваўся на сайце аддзел навінаў — там можна знайсці перадрукі артыкулаў і пра «оду беларускім медыкам» — «Ліст чакання» Аляксандра Яфрэмава, ваенную драму «Казбек» зноў жа Івана Паўлава, запуск маладзёжнай камедыі «Кіношнікі» Кірыла Халецкага і гэтак далей… Так бы мовіць, новая гісторыя кінастудыі замест «старой».
Адразу хочацца звязаць перамену ў піяры з прызначэннем новага генеральнага дырэктара «Беларусьфільма» — пазаўчора замест Уладзіміра Карачэўскага кінастудыю ўзначаліў намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Юрый Аляксей. Аднак хочацца заўважыць, што менавіта экс-генеральны дырэктар у свой час запусціў у працу і ідэалагічныя карціны кшталту «На іншым беразе» — пра «цяжкі міжваенны час польскай акупацыі», і той жа «Казбек» — пра аперацыю «Баграціён», вышэйзгаданы «Ліст чакання» — пра «правільны выбар» дактароў, ды іншую прадукцыю, якая тэматычна не мусіць выклікаць нараканняў ва ўладаў.
Але, пра гэтым, што цікава, Уладзімір Карачэўскі «даваў дабро» і лабіраваў, сапраўды, беларускаарыентаваны праекты — такія як «Купала» і «Авантуры Пранціша Вырвіча»…
Проста, як гаворыцца, час змяніўся, — і зараз фільмы, якія «заахвочваюць ганарыцца сваёй гісторыяй і ідэнтычнасцю», ужо ўспрымаюцца рэжымам як небяспечныя. Больш за тое, і сам Карачэўскі як менеджар пярэстых 2010-х замяняецца на кіраўніка больш актыўнага і ўключанага ў ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі і насельніцтва — на экс-сакратара БРСМ, экс-гендырэктара «Гроднааблкінавідэапраката» Юрыя Аляксея.
Мяркуем, з прыходам спадара Юрыя на пасаду «Беларусьфільма» праект «Купала» тым больш застанецца на «паліцы» студыі і ў інфармацыйным вакууме.
Пры гэтым пірацкая версія шматпакутнай драмы зноў «гуляе» ў сеціве.
«Купала» — фільм Уладзіміра Янкоўскага пра лёс беларускага паэта Янку Купалу. На прыкладзе жыццяпісу Купалы ў стужцы распавядаецца гісторыя народа, які на працягу ХХ стагоддзя змагаўся за сваю незалежнасць, мову і культуру, зведаў рэвалюцыі, войны і рэпрэсіі. У карціне паўстае гісторыя не толькі аднаго паэта, а цэлага пакалення аўтараў беларускага Адраджэння.