Зусім не «мяккая русіфікацыя»: як выглядаюць канцэртныя афішы Мінска?

Зусім не «мяккая русіфікацыя» — так можна ахарактарызаваць канцэртную сцэну ў Мінску ў пераднавагоднюю пару праз агляд афішаў і рэкламы забаў.

З прыезджых артыстаў — адны расіяне, на тумбах і вялікіх плакатах можна ўбачыць хіба што анонс новых спектакляў праўладных Купалаўскага і Вялікага тэатра Беларусі (Опернага).

«Кабы я была царица… » — так, напрыклад, гучыць назва новага цыркавога шоу братоў Запашных — вядомых расійскіх дрэсіроўшчыкаў. Шоу адбудзецца на одной з буйных пляцовак сталіцы — «Мінск-Арэне» — напрыканцы снежня.

Фота: Reform.by.

У Канцэртнай залі «Мінск» праз тыдзень чакаюць прыезду расійскага акцёра Сяргея Макавецкага — разам з іншымі артыстамі ён сыграе ў спектаклі па п’есе Фларыяна Зелера «Папа».

Трошкі раней тая ж «каза» прымае на сваёй пляцоўцы выканаўцу народных песень Марыну Дзявятаву з праграмай «Руская! Народная!».

Фота: Reform.by.

«Песні Уладзіміра Высоцкага» — у Белдзяржфілармоніі, Таццяна Краўчанка і Аляксандр Панкратаў-Чорны ў спектаклі «Жаніхі» — зноў КЗ «Мінск», выканаўца Дзядзюля з новай праграмай — у той жа «казе», і гэтак далей і таму падобнае.

А там далей ужо ў 2023 годзе ў Мінску чакаюць спявачку Славу, Грыгорыя Лепса, Уладзіміра Праснякова, эстрадніка Ігара Маменку, музыку Сяргея Пенкіна… «Абмен» культур, як гаворыцца, — па поўнай праграме.

Фота: Reform.by.

Што з беларускага можна заўважыць сярод гэтага засілля расійскіх дывертысментаў?

У публічным полі трапляецца, скажам, рэклама мерапрыемстваў Вялікага тэатра (Опернага).

Так, тэатр, у прыватнасці, запрашае на слынны Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, які адкрываецца 13 снежня. Прыгледзеўшыся, варта канстатаваць, што форум можна назваць міжнародным з нацяжкай: з замежных выканаўцаў тут, зноў-такі, артысты і тэатры з Масквы. Невялікую разнастайнасць у праграму ўносіць спектакль Тэатра оперы і балета «Астана Опера» «Шаўковая лесвіца»; гэтаксама з удзелам запрошанага дырыжора з Азербайджана Эйюба Куліева будзе паказаны беларускі спектакль «Турандот».

Фото: Reform.by.

Ля ўваходаў у метро можна заўважыць афішы Купалаўскага тэатра, рэпертуар якога з трох спектакляў на вялікай сцэне пашырыўся ажно да дзевяці. Сярод апошніх прэм’ер — «Гарачае сэрца» паводле Астроўскага ў пастаноўцы Валянціны Ераньковай, спектакль «Наш космас» у рэжысуры Дзмітрыя Філіповіча, «Апошні атракцыён» у рэжысуры Андрэя Завадзюка. (Цікава, што на сцэне Купалаўскага па-ранейшаму выступае харэаграфічны ансамбль «Харошкі» са сваімі канцэртнымі праграмамі).

Фота: Reform.by.

Тэатральны праект «ТриТформаТ» (кампанія Веры Паляковай-Макей) прадстаўляе «самую незабываемую сказку о самом фееричном празднике года» — «Дзед Мороз и Тоска Зеленая». Спектакль, які пазыцыянуе сябе як «галоўная ёлачка краіны», будзе дэманстравацца ў малой залі Палаца Рэспублікі з 22 снежня.

А вось «галоўная ёлка краіны» мае назву «Сузор’е зубра, ці Як выратаваць Новы год» — на пастаноўку запрашаюць у Палац Рэспублікі з 24 снежня.

У беларускім Тэатры эстрады Новы год ужо выратоўвае мядзведзь Патапыч — «Як Мядзведзь Патапыч Новы год выратоўваў» — з 24 снежня.

Фота: Reform.by.

Як бачым, усе выратоўваць Новы год, з якім відавочна штосьці не так. Толькі што?

І яшчэ адно. Чамусьці ўспомнілася, як у 2019 годзе беларускі міфічны персанаж Зюзя віншаваў дзяцей і дарослых з самых розных пляцовак па ўсёй Беларусі, пазначаючы цікаваць да сваёй культуры. Зюзе Паазерскаму пісалі лісты, да розных Зюзяў запрашалі ў госці, у спектаклях з’яўляўся беларускі бог маразоў і завей… Сёлета пра «беларускага Дзеда Мароза» амаль ніхто і не ўспомніў.

Таму, напэўна, што сёння час Патапычаў і «Тоски Зелёной».

Фота: Reform.by.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.