Злучыць беларускі спеў і ракабілі? Syndrom Samazvanca надаў беларускаму фолку новае гучанне

Першая кампазіцыя ў гэтым альбоме доўжыцца 16 хвілін. І гэта не Deep Purple ці Led Zeppelin, як мог бы падумаць шаноўны чытач. «Касмічныя валачобнікі» са свежага альбома беларускага гурта Syndrom Samazvanca «Mahajba» — гэта выхад у міжгалактычную прастору з беларускімі фолк-матывамі.

Reform.news, нарэшце, дабраўся да адной з чаканых плытак лета, у якім беларускія музыкі спалучаюць псіхадэлік-рок, краўт-рок і фолк.

Будзем шчырымі, Syndrom Samazvanca і раней дазваляў сабе доўгую музычную думку. У альбоме «Востраў скаргаў» гэта была шматузроўневая 12-хвілінная Liod / Kryhalom. На плытке Sonk — 7-хвілінная Alimpijada-20. А калі ўзнавіць не такое далёкае мінулае саліста і гітарыста «Самазванцаў» Уладзя Лянкевіча — гурт TonqiXod, то трыа акурат і праславілася тым, што вярнула ў беларускі рок вялікую эксперыментальную форму.

Syndrom Samazvanca ў пэўным сэнсе з’яўляецца спадкаемцам гэтай вольнасці, адзінае што — спалучае ў сваёй музыцы краўт-рок, псіхадэлік-рок і панк, дазваляючы сабе большую дынаміку і напор. Гэтым разам Уладзь Лянкевіч і Раман Жарабцоў ды К паспрабавалі «змяшаць, але не ўзбоўтваць» усё вышэйзгаданае з фолкам. І ў тым ліку, перастварылі народныя песні ў прыгожыя доўгія кампазіцыі з рытмічнымі пераходамі, пройгрышамі і адступленнямі.

Ніякіх павярхоўных хадоў, кітчавай атмасферы, скрозь выдумка, ігра з памерамі і гучаннем, мелодыкай. Для кагосьці гэты «замес» можа падасца і надта складаным, перагружаным, але «Самазванцы» далёка ўжо не самазванцы, якія не ведаюць, што робяць. Музыканты гурта паслядоўна і ўпарта спалучаюць беларускае і глабальнае ў самых розных варыянтах і даюць рады.

Так што ж можа пачуць у «Mahajba»?

«Касмічныя валачобнікі» — гэта 16 хвілін палёту. Не дадаць не адняць. У кампазіцыі паміж планетамі гойсаюць ці то валачобнікі-робаты, ці то касмічныя караблі, якія перагаворваюцца адпаведнымі «металічнымі» галасамі — і гэта падарожжа ўяўляцца так выразна, што хочацца, каб яно доўжылася і доўжылася.

«Pa-za hajem» — самае складаная песня з альбому. Гэта як злучыць агонь і зямлю. Калядны спеў сустракаецца тут з рокавым грувам і ўсходнімі матывамі. Яскравы і запамінальны пройгрыш, фантастычная дынаміка.

«Масты» пачынаюцца як кантры-спеў і развіваюцца ў рок-баладу з пройгрышам на банджо.

«Дудка» — гэта амаль ракабілі — пры чым ракабілі пра сітуацыю на беларуска-польскай мяжы.

«Maslienica Bop» — вітаю феміністычны пасыл трэку, яго канцэптуальнасць, але для мяне гэта песня надта моцна ўзятая ў ціскі гітарнай апрацоўкі. Пры гэтым па-ранейшаму вітаю буйную форму — кампазіцыя доўжыцца 14 хвілін.

«Бясконцы Талачын» — краўт-рокавая светлая кампазіцыя пра вяртанне дамоў.

Важна адзначыць, што над тэкстамі да трох кампазіцый з шасці ў альбоме працаваў Уладзь Лянкевіч. Другія тры — гэта словы з беларускіх традыцыйных песень. Дзе якія — здагадайцеся самі.

Заўважым, што альбом пачаў стварацца яшчэ ў 2023 годзе ў Беларусі, а яго запіс быў завершаны ў Польшчы, у Варшаве, куды музыканты былі вымушаны пераехаць. Гэта прасторавая працягласць дадае нібыта яшчэ адна вымярэнне музыцы, якая звяртаецца да нас — тут ды зараз, і там, дзе мы хацелі б быць.

Паслухаць альбом можна тут.

Паслухаць гурт неўзабаве можна будзе 16 жніўня ў VooDoo Club на міні-фэсце «Людзі Усходу» (Aleja Prymasa Tysiąclecia 48A).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!