Чарнобыльская зона. Фота: dzen.ru
Да 40-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС жаночае выдавецтва «Пфляўмбаўм» абвяшчае опэн-кол тэкстаў для анталогіі пра Чарнобыль.
Для адных Чарнобыль — гэта экалагічная катастрофа, для другіх — міграцыя, для трэціх — Чарнобыльскі шлях і барацьба за свабоду. Чарнобыльскую зону можна разглядаць не толькі як тэрыторыю з правам на адсяленне ці на штогадовае аздараўленне ў санаторыях, але і як трагічна і прымусова страчаную радзіму ці, наадварот, зону ізаляцыі ад іншага (незабруджанага? здаровага? дэмакратычнага? свабоднага?) свету. Васіль Быкаў называў Чарнобыль трагедыяй, якая паказала сапраўдную цану хлусні. У «Чарнобыльскай малітве» Святланы Алексіевіч Лена М. з Кыргызстану называе Чарнобыль сваім домам і радзімай.
Што для вас Чарнобыль? Які ён? Пра што ён? За што ён?
Выдавецтва прапануе беларускім аўтаркам напісаць празаічны тэкст аб’ёмам да 15 000 знакаў (мастацкі, нон-фікшн або гібрыдны) на тэму Чарнобыля.
Свае прапановы (чарнавікі, ідэі, планы) разам з кароткай біяграфіяй трэба выслаць да 10 красавіка на antalohija@gmail.com.
У выніку адбору будзе два месяцы на напісанне тэксту. Тэксты-пераможцы будуць уключаны ў анталогію пра Чарнобыль, якая выйдзе ў выдавецтве «Пфляўмбаўм» да канца 2026 года. Аўтаркам тэкстаў прадугледжаны ганарар.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram