Заснавальнік «Касароў» Сяргей Доўгушаў анансаваў яшчэ адзін мужчынскі гурт – Trio Valadar

Сяргей Доўгушаў – ініцыятар гурта мужчынскіх спеваў «Касары» – паведаміў пра заснаванне Trio Valadar – вакальнага трыа з Варшавы, якое выконвае традыцыйныя мужчынскія песні Беларусі і Польшчы. У адрозненне ад «Касароў», новы гурт выключна вакальны і складаецца не толькі з беларускіх спевакоў. У трыа ўвайшлі беларусы Сяргей Доўгушаў і Віктар Валько і польскі ўдзельнік – Матэвуш Кітлас-Кшосак.

З польскім спеваком Матэвушам Сяргей Доўгушаў пазнаёміўся на сваіх майстар-класах у Цэнтры культуры Łowicka ў Варшаве. З лета 2026 года трыа пачало рэпетаваць.

«Мы збіраліся, спявалі польскія, украінскія і беларускія песні, бо там наш рэпертуар шырэйшы за беларускія песні. З нейкага часу гэта гэта стала магчымым назваць гуртом. Зрабілі першы запіс, а першы выступ адбыўся на беларускіх «Вячорках» у Варшаве», – расказаў нашаму выданню Сяргей Доўгушаў.

Задача гурта – захаваць максімальна архаічныя, традыцыйныя мужчынскія спевы, тлумачыць Сяргей Доўгушаў. Бо жаночы рэпертуар нашмат шырэйшы: у адной вёсцы можна запісаць песень на некалькі альбомаў, а мужчынскія даводзіцца адмыслова шукаць у архівах.

На пытанне, што яшчэ патрэбна для развіцця новага гурта, Сяргей Доўгушаў адказвае, што не хапае гастроляў у Беларусі: «Мы б з радасцю паехалі ў Беларусь, і з «Касарамі», і з новым трыа, селі б за стол і спявалі б усе разам з нашымі любімымі бабулькамі».

Гурт Trio Valadar рыхтуе ўласную праграму, якую неўзабаве прадставіць гледачам.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram