Запрацаваў сайт адноўленай Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat

«На сёння Kamunikat удалося аднавіць практычна да таго стану, у якім ён быў да атакі», — пра гэта паведаміў Яраслаў Іванюк на творчай сустрэчы з чытачамі ў Цэнтры Беларускай Салідарнасці ў Варшаве.

Заснавальнік Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі і выдавец прызнаўся, што адмыслова не рабіў загадзя публічнай заявы, каб не даваць магчымасць хакерам сапсаваць добрую навіну.

«Ад сёння бібліятэка даступная, жыве і працуе», — зазначыў ён.

Назаўсёды «згубіліся» адзінкавыя файлы, пераважна гэта ілюстрацыі да архіўных навін.

Скрыншот з сайта.

Як падкрэсліваецца на сайце бібліятэкі, пасля атакі каманда ўзмацніла меры бяспекі наколькі гэта магчыма —  «перагледзелі падыходы да рэзервовага капіравання, узмацнілі абарону сайта, перавынайшлі частку працэсаў так, каб праект быў больш устойлівы да падобных атак у будучынi».

У планах праекта — новы сайт на сучасным рухавіку.

«Найбольш важкая задача — «пасябраваць» з ім архівы, што маем. Але мы гэта зробім», — адзначаюць стваральнікі.

Нагадаем, што 7 траўня 2026 на сервер Kamunikat.org была здзейснена моцная атака, у выніку якой былі выдалены ўсе файлы, якія збіраліся напрацягу 25-ці гадоў. Зараз бібліятэку ўдалося аднавіць.

Напрыканцы 2025 года рэжым прызнаў змест сайта бібліятэкі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У 3 сакавіка 2026 года беларускі КДБ ўключыў Kamunikat у склад неіснуючай «кааліцыі друкаваных выдавецтваў» і абвясціў «экстрэмісцкім фармаваннем».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!