Запрацаваў літаратурны сайт Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў

Новы літаратурны сайт bellit.info ставіць амбітную задачу: збіраць усю актуальную інфармацыю пра падзеі ў літаратурным свеце, фармаваць віртуальную энцыклапедыю беларускай літаратуры.

Заснаваў рэсурс Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Задачы праекта ініцыятары выклалі наступным чынам: «Мы пішам пра літаратуру ў Беларусі і за яе межамі, паведамляем пра навінкі выдавецтваў, акумулюем наяўную інфармацыю пра беларускіх літаратараў без увагі на ўзрост і час нараджэння, мову і стыль пісьма (біяграфістыку, мемуарыстыку, некрапалістыку, архіўныя даныя), збіраем звесткі пра літаратурную перыёдыку, выдавецтвы, анлайн-праекты, у тым ліку аўдыявізуальныя і базу экранізацый літаратурных твораў. Зразумела, што на гэтым сайце размесціцца і інфармацыя пра задумы, праекты Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў».

Ініцыятары адкрытыя да супрацоўніцтва і чакаюць зваротнай сувязі. Калі ёсць патрэба дапоўніць каталогі ці ўказаць на недакладную інфармацыю, надрукаваць свой прэс-рэліз, прапануюць пісаць на bellit.info@gmail.com

Уся інфармацыя структуявана паводле наступных раздзелаў: “Персаналіі”, “Бібліятэка”, “Медыя” (літаратурныя часопісы і арганізацыі), “Аўдыё” (праекты, звязаныя з аўдыёкнігамі), “Відэа” (паэтычная відэахрэстаматыя “Не загаснуць зоркі ў небе”), “Архіў” (Digital-архіў асабовых спраў СП БССР), “Некропаль” (база даных пахаванняў беларускіх літаратараў па ўсім свеце), “Маніторынг” (агляд парушэнняў моўных правоў у Беларусі).

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў — недзяржаўная некамерцыйная арганізацыя, заснаваная ў 2022 годзе ў Вільні (Літва). Мэты арганізацыі — пашырэнне прасторы беларускай літаратуры ў свеце, інфармаванне беларускіх літаратараў і грамадскасці, абарона аўтарскага права, арганізацыя літаратурных мерапрыемстваў, адукацыйных праектаў у сферы літаратуры і літаратуразнаўства як у Беларусі, так і па-за яе межамі. Арганізацыя паўстала з ініцыятывы пісьменніка і перакладчыка Дзмітрыя Плакса.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!