Запрацаваў абноўлены сайт і Instagram-старонка памяці мастака і палітвязня Алеся Пушкіна

Пра стварэнне сайта, прысвечанага Алесю Пушкіну, кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін расказаў на абмеркаванні выставы «Art Afterlife» у Музеі Вольнай Беларусі, але тады, напрыканцы лета 2024-га,  ён быў на пачатковай стадыі напаўнення: утрымліваў толькі партрэт і мэйл, праз які можна было папаўняць архіў.

Цяпер сайт выглядае даволі функцыянальна і мае чатыры раздзелы: «Жыццё», «Творчасць», «Падзеі», «Памяць». Таксама створаная Instagram-старонка мастака.

Біяграфія мастака суправаджаецца яго партрэтамі і выказваннямі. Раздзел «Творчасць» пачынаецца са студэнцкіх палотнаў і заканчваецца турэмнымі малюнкамі. Пазначаны галоўныя перформансы: першы, 1989 года, прысвечаны 71-м угодкам БНР, калі Пушкін выйшаў з плакатам «Досыць сацыялістычнай, адродзім незалежную Беларусь» на цэнтральны праспект Мінска; перформанс 1992 года на Дзень Волі ў мінскім Доме Літаратара; «Шляхам сьвятога Язафата Кунцэвіча, арцыбіскупа Віцебскага і Полацкага» 1995 года ў Віцебску; знакавая акцыя «Гной для прэзыдэнта» 1999 года, калі Пушкін з нагоды заканчэння першага прэзідэнцкага тэрміну Лукашэнкі з чырвонай тачкай, гружанай гноем, адправіўся на плошчу перад рэзідэнцыяй прэзідэнта і высыпаў яе змесціва на асфальт, паклаўшы на яго мільёны абясцэненых рублёў, перапісаную Канстытуцыю і выбарчы плакат з выявай Лукашэнкі, банер «За пяцігадовую плённую працу!» і ва ўсё гэта ўтыркнуў вілы.

Раздзелы «Падзеі» і «Памяць» прысвечаны імпрэзам ушаванавання і публікацыям пра мастака.

Таксама на сайце можна звязацца з камандай, пададзены мэйл і бяспечная ананімная форма для загрузкі файлаў. Збор матэрыялаў і твораў Алеся Пушкіна працягваецца.

Нагадаем, што 57-гадовы мастак Алесь Пушкін падчас турэмнага зняволення памёр у шпіталі хуткай дапамогі Горадні 11 ліпеня 2023 года. У мастака была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Алеся ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.

Мастак знакаміты сваім акцыямі і перформансамі, якія ладзіў з канца 1980-х. Быў асуджаны за партрэт удзельніка антысавецкага супраціву Яўгена Жыхара, а таксама за паўтор перформансу «Гной для прэзідэнта» ў Кіеве. На выставе беларускага пратэснага мастацтва «Кожны дзень» Алесь узнавіў свой самы вядомы перформанс у абноўленым выглядзе: на партрэце Аляксандра Лукашэнкі замест надпісу «За 5-гадовую плённую працу» ён разліў чырвоную фарбу, якая сімвалізавала кроў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!