Замест вызвалення — выгнанне: былой палітзняволенай і этнафатографцы Ларысе Шчыраковай патрэбная дапамога

Былая карэспандэнтка «Белсата» і этнафатографка Ларыса Шчыракова, якую ў верасні 2025 года прымусова вывезлі з Беларусі, мае патрэбу ў супольнай падтрымцы. Праз зацягнутую «Дублінскую працэдуру» ў Польшчы яна не мае магчымасці афіцыйна працаваць і зарабляць сабе на жыццё. Гісторыю творцы распавёў BYSOL.

Ларыса Шчыракова ў 53 гады, апынуўшыся ў чужой краіне пасля ўсіх выпрабаванняў і страт, не лічыць сябе больш актывісткай – толькі фатографам. Фатаграфуе яна з дзяцінства, калі бацька падарыў ёй фотаапарат «Зеніт». Гэта яе страсць, так сама як і этнаграфія. Яна аднаўляе беларускую этнафатаграфію: здымае людзей у аўтэнтычных убраннях, ездзіць у этнаграфічныя экспедыцыі.

Да 2020 года Ларыса была карэспандэнткай «Белсата» ў Гомелі. Пасля таго, як пратэсты скончыліся, а рэпрэсіі ўзмацніліся, у 2021 годзе для сваёй бяспекі яна сышла з прафесіі і занялася этнафатаграфіяй. Нажаль, рэжыму гэта не перашкодзіла – у 2023 годзе яе асудзілі па двух крымінальных артыкулах і прысудзілі да трох з паловай гадоў калоніі.

Пакуль Ларыса адбывала тэрмін, у яе памерла мама. Яе не толькі не адпусцілі на пахаванне, але нават паведамілі пра гэта толькі праз месяц. Сына Ларысы, у той час падлетка, абсалютна хатняга дзіцёнка, адправілі ў прытулак. Хлопчыка змог забраць толькі бацька, з якім ён не бачыўся больш за 10 гадоў.

У верасні 2025 года ў складзе групы з 52 палітзняволеных Ларысу прымусова вывезлі з Беларусі ў Літву – за тры месяцы да афіцыйнага канца тэрміну. Вызваленне абярнулася выгнаннем: замест роднага Гомеля, дома і родных – чужая краіна.

Цяпер Ларыса жыве ў Беластоку і чакае рашэння па сваёй справе аб міжнароднай абароне – яна патрапіла пад Дублінскую працэдуру (бо першай краінай уезду была Літва) і рызыкуе быць дэпартаванай назад у Літву.

Праз зацягнутую працэдуру па Дубліне ў творцы няма магчымасці ўладкавацца на афіцыйную працу. Пасля вызвалення яна жыла ў шэлтэры, а зараз ёй трэба здымаць жыллё. Каб неяк пражыць, яна можа зарабляць фотаздымкамі, але гэта таксама патрабуе фінансавых укладанняў у тэхніку, пошук заказаў і навучанне.

Сума збору складае €3000 — гэтыя сродкі пойдуць на арэнду жылля на тры месяцы (€1200), тэхніку і абсталяванне для этнафотасесій (€800), юрыдычнае суправаджэнне па Дублінскай працэдуры і перакладчыка (€600), а таксама на базавыя патрэбы (€400).

Падтрымаць Ларысу Шчыракову можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!