Замак у Любчы аднаўляецца без праекта і без узгаднення з Міністэрствам культуры

Аднаўленне замка ў Любчы адбываецца без праекта, паводле фантазіі ўласніка, — піша тэлеграм-канал «Спадчына».

За апошні час былі ўзведзены паўночная вежа з фігурным купалам і мураваная паўночна-заходняя сцяна, якая злучае яе з брамай-вежай. Акрамя таго, вымуравана ў поўную вышыню паўночна-ўсходняя, «драўляная» вежа і пачала ўзводзіцца паўночная сцяна — з металічнага каркасу, глуха закладзеная бярвеннем.

Замак у Любчы. Фота: t.me/spadczyna

«Гэта ўсё, мякка кажучы, не падобна да таго, што мы бачылі на рэндарах зацверджанага раней праекта. Так, паўночная і ўсходняя сцены мусілі быць паўпразрыстамі, жалюзійнымі, каб не разбураць візуальную сувязь палаца з прыродным ландшафтам, далінай Нёмана. Шмат нестыковак у вышынях і недакладнасцяў у дэталях», — піша аўтар тэлеграм-канала «Спадчына».

Замак у Любчы. Фота: t.me/spadczyna

Ён звярнуўся ў Мінкультуры з просьбай праверыць, ці ўсё ў рэканструкцыі замка адпавядае праекту. Чыноўнікі далі станоўчы адказ толькі наконт паўночна-заходняй сцяны і паўночнай вежы. А ўсё астатняе, другая чарга — то-бок, сцяна з боку Нёмана і «драўляная» вежа — нават не падавалася на ўзгадненне ў Мінкультуры.

Замак у Любчы. Рэндар праекта. Фота: t.me/spadczyna

«То-бок усё, што там ужо амаль за два гады пабудаваў Пячынскі, гэта самапал, які не мае ніякага дачынення да навуковай рэстаўрацыі. Чаму на такім турыстычным аб’екце ніякія кантралюючыя органы не заўважалі, што ідзе незаконная будоўля? І што цяпер будуць рабіць: разбіраць самапал ці ўзгадняць што ёсць? Думаю, што другое», — адзначае аўтар допісу.

Любчанскі замак – адзін з апошніх помнікаў традыцыйнага замкавага будаўніцтва. Як і ўсё мястэчка, ён належаў магнацкаму роду Кішкаў. Пабудаваны ў 1581 годзе, пра што сведчыць знойдзены ў замку флюгер з выбітай датай і гербам Кішак. Да 1592 года належаў Яну Станіслававічу Кішку, затым яго брату Станіславу, а потым як пасаг яго дачкі Ганны перайшоў да Радзівілаў. У пачатку XVII стагоддзя замак быў значна перабудаваны новым уладальнікам князем Крыштафам Радзівілам.

Аднаўленнем замка з пачатку 2000-х займаецца ураджэнец Любчы Іван Пячынскі, які з гэтай мэтай стварыў дабрачынны фонд. Аднак пытанні да рэстаўрацыі з’яўляюцца не ў першы раз. Так, у 2013 годзе былі зафіксаваныя парушэнні, якія прывялі да фальсіфікацыі гісторыка-культурнай каштоўнасці. І хоць праект рэстаўрацыі Любчанскага замка быў зацверджаны навукова-мэтадычнай радай пры Міністэрстве культуры, на той від работ, які адбываўся на замку, не было дазволу Інспекцыі Дэпартаменту кантролю і нагляду за будаўніцтвам, а праектная дакументацыя не прайшла дзяржаўную экспертызу.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!