«Шагал. Мара кахання» — у замку графаў Аквавіва Д’арагон у Канверсана (Італія) сёння адкрылася вялікая выстава жывапісу, малюнкаў і літаграфій Марка Шагала.
Мастацкая галерэя ў замку, у якой ладзіцца падзея, адзначае беларускае паходжанне мастака. «Падзеленая на пяць раздзелаў, выстава Conversano адкрывае ўвесь паэтычны свет беларускага мастака, плён жыцця, поўнага пакут, пачынаючы з выгнання ў Парыж у 1910 годзе за яго габрэйскія перакананні і потым, з пачаткам Другой сусветнай вайны, да бесперапыннага паломніцтва з Іспаніі ў Партугалію і ЗША», — піша пра праект Corriere della Sera.
Выстава, у якой прадстаўлены больш за сто твораў Марка Шагала, зладжаная муніціпалітэтам Канверсана разам з кампаніяй Артэмізія.
«[Экcпазіцыя] «Шагал. Мара кахання» збірае жывапіс, малюнкі, акварэлі і гравюры, у тым ліку рэдкія і незвычайныя работы, сертыфікаваныя Фондам Шагала, а таксама з прыватных калекцый, якія дазваляюць прасачыць творчы шлях мастака з 1925 года да яго смерці ў 1985 годзе, — распавядае пра праект італьянскае выданне. — У творах успаміны дзяцінства, казкі, вершы і мары суседнічаюць з яркімі фарбамі і насычанымі адценнямі, ажыўляючы пейзажы, населеныя рэальнымі або ўяўнымі персанажамі, якія тоўпяцца ва ўяўленні мастака; мройная вобразнасць, у якой цяжка распазнаць мяжу паміж рэальнасцю і марай».
Arthemisia.it так апісвае стасункі Марка Шагала з Беларуссю:
«Будучы габрэем і выгнаным з радзімы менавіта з-за сваіх рэлігійных перакананняў, у 1910 годзе ён пераехаў у Парыж, каб працягваць свае мастацкія даследаванні. Прымаючы актыўны ўдзел у рускай рэвалюцыі, ён заснаваў на радзіме мастацкую акадэмію, якая выклікала жорсткую апрэцыю з боку ўрада. Ён вяртаецца ў Францыю, але Другая сусветная вайна вымушае яго бегчы ў Іспанію, Партугалію і ЗША…».
Курыруе выставу мастацтвазнаўца і даследчыца творчасці Шагала Далорэс Дуран Укар.
Працягнецца выстава да 27 красавіка. Падрабязней пра праект тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram