Учора ля Акадэміі навук Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё архітэктурна-мастацкай кампазіцыі «Залатое кольца Беларусі».
Аўтары праекта: архітэктар Армэн Сардараў, скульптары — Алена Хараберуш і Леанард Пакульніцкі.
Кампазіцыя складаецца з ратонды і скульптур выдатных вучоных Беларусі, заснавальнікаў навуковай думкі: Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Казіміра Семяновіча, Яўстафія Тышкевіча, Яўхіма Карскага і Усевалада Ігнатоўскага.
«Кола ўвасабляе сабой сімвал адзінства, сімвал таго, што людзі разам, гэта агульнасць. А купал ратонды звяртаецца да неба, гэта значыць да вечнасці. І гэта таксама вельмi важна. Мы палічылі, што гэтую форму трэба выкарыстоўваць, каб паказаць нашых вялікіх дзеячаў навукі і культуры», — цытуе словы Армэна Сардарава на адкрыцці Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук.
У час цырымоніі ў нішу архітэктурна-мастацкай кампазіцыі была закладзена капсула з пасланнем нашчадкам, прадаўжальнікам навуковых традыцый Беларусі.