Фота ілюстрацыйнае
Гісторык, культурны антраполаг Павел Церашковіч з нагоды пачатку навучальнага года зрабіў невясёлыя падлікі ў допісе на фэйсбуку.
Напачатку навукоўца згадаў словы міністра адукацыі Андрэя Іванца пра непатрэбнасць рэпетытараў для беларускіх вучняў. Гэта інтэрв’ю выклікала шквал абурэння ў сацсетках. Пры гэтым сам міністр прызнаецца, што пры паступленні ў Ліцэй БДУ ледзь не заваліў матэматыку, бо яму «гэты прадмет быў не надта цікавы».
«Выглядае на тое, што гэтая адсутнасць цікавасці захавалася і на міністэрскай пасадзе», — іранізуе Павел Церашковіч і дае ўрок «няпростай матэматыкі ў Дзень ведаў».
Доля прыватнай адукацыі выглядае ў Беларусі як статыстычная пагрэшнасць: шэсць прыватных школ і два прыватныя дзіцячыя садкі. Гэта ажно 0,21% ад усіх школ і 0,05% — ад усіх садкоў. За 5 гадоў колькасць такіх школ скарацілася ў 3,5 разы, садкоў — у 7 разоў.
У дзяржаўнай адукацыі справы таксама ідуць не лепшым чынам.
За пяць гадоў колькасць выхаванцаў дзіцячых садкоў скарацілася на 84,5 тысячы (на 21%).У першы клас сёлета пойдуць 87,5 тыс. дзетак. Гэта на 30 тысяч (ці на 26%) менш, чым пяць гадоў таму.
За той самы перыяд сістэма адукацыі недалічылася 13 тысяч настаўнікаў.
Доля выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў са ступенямі кандыдата або доктара ўпала да 40%. І гэта значыць, што большасць тых, хто працуе ў ВНУ, па вялікім рахунку не мае права там працаваць. І таму зусім не выпадкова, што ў сусветным рэйтынгу QS за 5 гадоў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт абрынуўся з 317-га месца на 533-е, у рэйтынгу вышэйшай адукацыі Times апынуўся па-за межамі першых 1,5 тысячы найлепшых універсітэтаў, а ў Шанхайскім рэйтынгу папросту няма такой краіны — Беларусі.
Затое, паводле міністэрства, колькасць замежных студэнтаў у Беларусі павялічылася на 10 тысяч і дасягнула 37 тысяч. Аднак супрацоўнікі Дзяржкамстата падаюць зусім іншую лічбу — 24 тысячы замежных студэнтаў — і сцвярджаюць, што за апошнія гады яна амаль не змянілася.
«Мараль усяго гэтага наступная: не крыўдзі рэпетытара. Пазаймацца з ім карысна не толькі школьнікам, але і некаторым міністрам», — падсумоўвае Павел Церашковіч.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram