Сцэна з рэпетыцый спектакля "Чырвоны крыж". Фота прадастаўлена Аляксандрам Енджэеўскім
У Беластоку праходзяць рэпетыцыі спектакля «Чырвоны крыж» паводле аднайменнага рамана Сашы Філіпенкі. Рыхтуе пастаноўку тэатр «Прыехалі», створаны беларускімі артыстамі, якія пасля ад’езду з Гродна працуюць у Польшчы.
Два паказы адбудуцца 16 і 17 верасня ў Nie Teatr. У спектаклі ўдзельнічаюць Настасся Суханосік і Васіль Дашкевіч.
Паразмаўлялі з рэжысёрам Аляксандрам Енджэеўскім пра будучы спектакль, эмігранцкі тэатр і нечалавечую ўладу.
— «Чырвоны крыж» у вашым тэатры ствараецца таму, што вы атрымалі грант на пастаноўку двух спектакляў. Чаму вы выбралі творы гэтых аўтараў – Вольгі Гапеевай і Сашы Філіпенкі?
— Мы прыехалі ў Польшчу тры гады таму, і літаральна перад ад’ездам я прачытаў «Чырвоны Крыж» Сашы Філіпенкі. Кніга вельмі спадабалася і адгукнулася мне ў сувязі з падзеямі 2020-х, дый не толькі з імі.
Уявіў тады, як гэты раман можна візуалізаваць: убачыў у ім адметную форму і асноўныя прадметы, з якімі можна было б на сцэне пагуляць.
Мне ўся творчасць Сашы Філіпенкі падабаецца, яго кнігі звычайна чытаю адразу за адзін прысест. Тым больш, што кожны яго твор напісаны ў сваім стылі. Але калі з’явілася магчымасць паставіць спектакль, выбраў «Чырвоны Крыж», бо ён найлепш падыходзіць для сцэнічнай адаптацыі і візуалізацыі.
Што да Вольгі Гапеевай … Калі мы толькі пераехалі ў Польшчу, то ад Рады культуры атрымалі грант на пастаноўку дзіцячага спектакля «Сумны суп» па Гапеевай. Потым я спытаў яе, што ў яе новага, і яна дала мне пачытаць сваю п’есу для дарослых. Гэта філасофскі твор з дакладным разуменнем і асэнсаваннем чалавечага жыцця і яго каштоўнасці.
І мы напісалі заяўку на грант міністэрства культуры і нечакана для сябе яго атрымалі. І займелі магчымасць паставіць дзве п’есы. Арганізацыйным партнёрам нашага праекта стала фундацыя Eduartis.
Прэм’еру першай з іх — «Чырвоны крыж» – я адмыслова запланаваў на 16-17 верасня. Гэты спектакль я хачу прысвяціць свайму бацьку і яго сям’і, таму што ў 1939 годзе, калі 17 верасня далучылі Заходнюю Беларусь, дакладней, захапілі і падзялілі Польшчу, майго дзеда, як былога афіцэра Польскай арміі, арыштавалі і, верагодна, расстралялі ў турме. А яго цяжарную жонку з пяццю дзецьмі выслалі з Гродна ў Казахстан, мой бацька там нарадзіўся. Толькі пасля смерці Сталіна амаль уся сям’я вярнулася ў Гродна. Гісторыя, апісаная ў «Чырвоным крыжы», звязаная і са мной таксама.
— «Чырвоны крыж» – шматузроўневы раман, хоць можна выдзеліць дзве асноўныя лініі лёсу – мужчыны, які перажывае сваю асабістую трагедыю, але гэта трагедыя прыватная, і яго вельмі старой суседкі, якая ўжо перажыла нашмат больш жахлівую асабістую трагедыю, але не з-за нейкіх нечаканасцей лёсу, а таму, што яе перамалола дзяржаўная машына.
Ёсць яшчэ лінія Чырвонага крыжа, сусветнай арганізацыі, і я так разумею, што гэтыя архівы – перапіска з СССР ваеннага часу – леглі ў аснову рамана. Там ёсць яшчэ пару ліній – пра сумленнасць і зайздрасць, пра памяць і злачынства.
Як вы ўвогуле ўсё гэты вывелі на тэатральныя падмосткі, што выцягнулі з гэтага неверагодна пераплеценага клубка, якія сюжэты аказаліся для вас важнымі?
— Я згодны з вашай інтэрпрэтацыяй і ў тым жа кірунку рухаўся. У нас два акцёры на сцэне: Таццяна Аляксандраўна і Аляксандр. І ў нас сапраўды гэтак жа, як у кнізе, змешваюцца ўсе сюжэтныя лініі. Гэта зроблена свядома, каб з часам глядач перастаў разумець, дзе ён знаходзіцца, у якім часавым адрэзку гэтага твора. Каб перастаў разумець, дзе ўспаміны, а дзе сучаснасць.
І тыя падзеі, якія адбываліся ў мінулым, глядач успрыняў як сучаснасць, каб ён асэнсаваў, што гэтыя сістэмы, гэтыя дыктатары не дзесьці там у падручніку гісторыі ці ва ўспамінах бабуляў і дзядуляў, яны тут з намі.
І адна з моцных сцэн кнігі, якую я ўключыў у спектакль, гэта маналогі Таццяны, яе развагі пра Бога. І ўспомніце, як яна там кажа, што ведала, што не ў стане дабрацца да Сталіна, але думка пра тое, што можа дабрацца да бога і задаць яму нейкія пытанні, грэла яе душу.
Гэта не хрысціянскі Бог, Таццяна Аляксандраўна прыдумала ўласнага бога, таму што павінна быць вышэйшая сіла, якая нясе адказнасць за тое, што адбываецца.
Але мне здаецца, уся гэтая гісторыя пра тое, што ёсць людзі, якія надзяляюць сябе велізарнымі паўнамоцтвамі і функцыямі, якія ставяць сябе вышэй за Бога. Вось гэтыя людзі, якія дарваліся да ўлады, якія чалавечымі лёсамі маніпулююць як заўгодна, ставяць сябе вышэй законаў Божых. Вось гэта самае страшнае.
І адна сцэна ў рамане ўразіла мяне проста да мурашак. Калі мозг жонкі галоўнага героя ўжо не функцыянуе, але яна ўсё яшчэ выношвае плод. Гэта, напэўна, гісторыя пра тое, як жывое выжывае ў мёртвым целе. Гэта, напэўна, пра тое, што нягледзячы ні на што, жывое можа нарадзіцца ў мёртвай сістэме.
У гэтым творы вельмі шмат метафар, алегорый. І гэта мне чымсьці нагадвае сімвалісцкі тэатр лялек Метэрлінка. І ў рамане Філіпенкі, і ў нас дастаткова шмат сімвалаў. Галоўны з іх і, скажам так, адзін з інструментаў візуалізацыі гэтага рамана, гэта друкаваная машынка, якая перакладае чалавечыя лёсы ў набор літар на паперы. І праблема любой сістэмы заключаецца ў тым, што за гэтымі літарамі на паперы сістэма не бачыць асобу, не бачыць душу, яна бачыць проста літары, якімі з лёгкасцю можна напісаць «расстраляць», «выслаць», «разлучыць», усё, што заўгодна, таму што там чалавек не з’яўляецца нечым каштоўным.
— У спектаклі будуць лялькі. Каго ці што яны граюць?
— Мы працавалі ў лялечным тэатры доўгія гады. І ведаем, што ў тэатра лялек нашмат больш магчымасцяў для перадачы нейкай інфармацыі, атмасферы.
Лялькі граюць галоўных герояў — Таццяну і Аляксандра. Спектакль змешаны: і драматычны, і лялечны.
— Гэта будзе такі тыповы эмігранцкі тэатр, дзе ўвесь антураж змяшчаецца ў валізку?
— Наш тэатр называецца «Прыехалі» і мы з усіх сіл хочам адысці ад тэатра ў валізцы. Мы не можам абыходзіцца намаляванымі лялькамі. Хочацца сапраўднага тэатра, таму ў нас будзе паўнавартасная сцэнграфія: над ёй працавала мастачка Кацярына Еўдакімава.
— Частка вашага калектыву выехала з Гродна. Раскажыце, як стварылася ваша тэатральная студыя «Прыехалі», ці маеце сваё памяшканне ў Беластоку?
— Мы вырашылі стварыць такі тэатр з мастачкай Кацярынай Еўдакімавай і маёй калегай Настассяй Суханосік. Прыехалі, атрымалі грант і адразу паставілі «Сумны суп» Гапеевай. На базе гэтага тэатра я арганізаваў тэатральную студыю для дзяцей і падлеткаў. Арандуем памяшканне. І ў прынцыпе, я разумею, што ў многіх мігрантаў ёсць мара знайсці сваё памяшканне для тэатра. Але для нас танней, прасцей і больш выгадна арандаваць памяшканне пад нейкі канкрэтны праект, а дэкарацыі захоўваем альбо дома, альбо ў нашых знаёмых на складзе.
Цяпер для паказу ў рамках праекта арандуем тэатр у цэнтры Беластока з дапамогай Беларускага цэнтра культуры. У нас адбудуцца два паказы.
— Ці будзеце паказваць гэты спектакль у іншых гарадах?
— Вельмі хацелася б. Калі зрабіў нейкі прадукт, то хочацца, каб большая колькасць людзей яго пабачыла. Але арандаваць залу вельмі цяжка, амаль непад’ёмна. Таму шукаем розныя шляхі.
Будзем паказваць на розных фестывалях. Спектакль ідзе на беларускай мове, але з польскімі субтытрамі. Таму што для нас важна ахапіць не толькі беларускую аўдыторыю, а і польскую таксама.
— Ці збіраецеся вы ствараць спектаклі на польскай мове?
— У нашых планах пашыраць аўдыторыю. Важна, каб польскія гледачы ўбачылі беларускі тэатр, беларускае мастацтва. Бо наша мастацтва ў эміграцыі вельмі моцнае. Мы адкрытыя да супрацы і хацелі б рабіць нейкія сумесныя праекты, бо гэта, перш за ўсё, абмен досведам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram