Ужо трэці год у Варшаве існуе ініцыятыва «Лісты палітвязням». Беларусы збіраюцца, пішуць знаёмым і незнаёмым людзям, якія дагэтуль застаюцца за кратамі – і намагаюцца, каб гэтыя лісты дасягнулі сваіх адрасатаў. Reform.by схадзіў на одно з мерапрыемстваў ініцыятывы і паглядзеў, як там усё адбываецца.
Як расказваюць мадэратары Алесь і Алена (яны не любяць называць сябе стваральнікамі або арганізатарамі), ініцыятыва зʼявілася восенню 2021 года – падчас акцый салідарнасці «Беларусы Варшавы».
– Можна сказаць, што наша першая сустрэча адбылася проста каля помніка Каперніку. У нейкі момант стала вядома, што ў Шклоўскай калоніі палітвязням не даюць адказваць на лісты з-за мяжы, а кагосьці нават караюць ШІЗА. Ніводнага з тых, каго я ведаю, гэтая навіна на пакінула абыякавым, – успамінае Алена. – І мы вырашылі, што мусім змагацца – і напішам яшчэ больш лістоў, каб людзі, якія працуюць у сістэме, бачылі, што нас шмат і што мы і далей будзем падтрымліваць тых, хто апынуўся за кратамі.
Для першай сустрэчы мы спампавалі з сайту dissidentby.com спіс палітвязняў Шклоўскай калоніі – і кожнаму адправілі ліст. На той момант гэта было каля 40-50 чалавек.
З той пары мы кожную нядзелю прыносілі на акцыі паперу і канверты, і любы, хто хацеў, мог напісаць ліст. Людзі адгукаліся: было відаць, што ў іх таксама ёсць патрэба рабіць нешта карыснае.
Пачалі мы ініцыятыву з лістамі дзесьці ў кастрычніку, калі яшчэ было добрае надворʼе. А калі стала халадаць, Беларускі Моладзевы Хаб запрасіў нас праводзіць сустрэчы ў сваім памяшканні на pl. Konstytucji, 6. Зараз сустрэчы праходзяць у новым памяшканні на вул. Дажынкавай, 6а. Вось ужо і трэці год пайшоў з той пары… Хаця яшчэ пры адзначэнні першай гадавіны мы спадзяваліся, што хутка ўсё зменіцца і ў гэтых лістах не будзе патрэбы.
– Усе лісты мы адпраўляем наўпрост з Варшавы – кажа Алена. – Было шмат пытанняў, чаму мы не перадаем іх праз мяжу з кім-небудзь. Але адказ тут просты: бяспека людзей.
Па-першае, кожны тыдзень мы адпраўляем па 20-30 лістоў. Аднаму чалавеку іх не перадасі, бо калі знойдуць памежнікі, могуць узнікнуць пытанні. А шукаць па 20-30 чалавек у тыдзень, якія едуць у Беларусь і маглі б перавезці па 1-2 канверту, проста немагчыма.
Па-другое, мы адмыслова дасылаем лісты менавіта з Варшавы – каб людзі сістэмы бачылі, што мы хоць і былі вымушаны зʼехаць, але пра палітвязняў не забываемся і маем імпэт да таго, каб у краіне адбыліся перамены.
Па-трэцяе, на ўсіх канвертах у якасці зваротнага мы ставім адрас Моладзевага хаба – каб тыя, хто піша лісты, адчувалі сябе ў бяспецы. Канешне, калі чалавек хоча, ніхто не забараняе пазначыць і свой асабісты адрас, але мы не раім.
– Мы дакладна ведаем, што да турмаў і калоній лісты даходзяць. Далей усё залежыць ад унутраных парадкаў, а часта і ад канкрэтнага кіраўніцтва ці нават ад канкрэтнага цэнзара.
Людзі, якія прыходзяць да нас пісаць лісты, не чакаюць адказаў. Усе мы разумеем, што гэта нават тэхнічна складана: каб даслаць ліст у Польшчу, у палітвязня павінна быць адпаведная марка – а набыць яе можна толькі ў Беларусі.
Пры гэтым мы ведаем пра некалькі выпадкаў, калі людзі ў турмах нашыя лісты ўсё-такі атрымлівалі – аб гэтым распавядала дзяўчына, якая нядаўна вызвалілася. А было ўжо і такое, што хтосьці з палітвязняў нават здолеў даслаць адказ да Варшавы.
За час існавання ініцыятывы мы адправілі больш за 3000 лістоў. Невядома, колькі з іх сустрэлі сваіх адрасатаў, але дакладна зразумела, што салідарнасць ніколі не бывае дарма.
Мерапрыемствы «Лісты палітвязням» адбываюцца амаль кожную сераду ў Беларускім Моладзевым Хабе – цяпер па новым адрасе: ul. Dożynkowa, 6a. Сутрэча праходзіць дзве гадзіны – з 18:00 да 20:00, але прыходзіць можна, калі атрымоўваецца. Хтосьці забягае на пачатку, піша пісьмо і едзе далей па сваіх справах, а хтосьці прыходзіць крыху пазней.
– Людзі рэдка сядзяць увесь час. Яны проста ведаюць, што ў нас ёсць вось гэтае вакенца з шасці да васьмі – і далучыцца можна ў любы момант, – кажа Алесь. – Некаторыя забягаюць толькі прывітацца і ўзяць канвертаў. Кажуць, што бяруць хатняе заданне: лісты пішуць дома, а потым прывозяць нам на адпраўку. Па сутнасці, яны б і адправіць самі маглі, але людзям важна адчуваць сябе часткай нейкай супольнасці, рабіць карыснае разам.
Зараз на сустрэчах збіраецца не так шмат людзей. Напачатку, кажуць мадэратары, магло прыходзіць па некалькі дзясяткаў. На мінулым тыдні, калі мы былі на мерапрыемстве, сабралася каля 8 чалавек. Па ўсім відаць, што прыйшлі не першы раз – але і да новенькіх ставяцца добразычліва: жартуюць, падказваюць, як правільна падпісаць канверт.
– А мы навучылі свайго сабаку новай камандзе: кажам «Жыве Беларусь» – і яна ўстае на заднія лапы, – расказвае хлопец, пакуль дзяўчына паказвае пітомца ў тэлефоне. Усе ўсміхаюцца. Кажуць, што без жартаў складана ўспрымаць рэчаіснасць.
Хтосьці прынёс цукеркі і пернікі – асабліва ім радыя тыя, хто прыехаў пасля працы. «А яшчэ карміць будуць?» – «Не, сёння толькі салодкі стол».
– Увогуле ўсе людзі вельмі розныя, і ў нас бывалі розныя выпадкі, – дадае Алена. – Аднойчы прыбег мужчына, паругаўся, што мы дарма пішам і наша справа непатрэбная, і збег. А чаго насамрэч прыбягаў – незразумела.
Яшчэ неяк хлопец прыйшоў і натуральна пачаў з усімі канфліктаваць. Мы з ім крыху адышлі, каб астатнім не замінаць, пагутарылі. Аказалася, што яму проста вельмі цяжка жывецца, няма з кім паразмаўляць. Гаварылі амаль гадзіну, атрымалася крыху яго падтрымаць. Наступным разам ён зноў прыйшоў і нават паштоўкі прынёс.
Мы, у сваю чаргу, стараемся ствараць антытаксічнае кола і прымаем усіх. Адным цяжэй, другім крыху прасцей – у кожнага свая гісторыя.
– Мы як мадэратары займаемся арганізацыйнай дзейнасцю, – дадае Алесь. – Для кожнай сустрэчы выбіраем нейкую «папраўчую» ўстанову і састаўляем спіс людзей, якія там сядзяць. Стараемся пакрыць усе турмы і калоніі Беларусі, каб ніводны палітвязень не застаўся без ліста.
Але ўвогуле прытрымлівацца гэтага спіса неабавязкова. Калі чалавек хоча даслаць ліст камусьці іншаму – калі ласка. Мы дапаможам знайсці, дзе гэты чалавек утрымліваецца, і правільна падпісаць канверт.
– Часта на нашых сустрэчах мы размаўляем не толькі пра лісты – але і пра падтрымку палітвязняў і іх семʼяў у цэлым. У нас ні на што няма забароны. Аднойчы хтосьці прапанаваў пісаць дэпутатам – калі ласка. Мы агулам за любы кіпіш, абы грошы былі, – усміхаецца Алена.
На жаль, сталага фінансавання ў ініцыятывы няма. «Лісты палітвязням» існуюць выключна дзякуючы данатам. Мадэратары кажуць, што раней іх было значна больш – хапала і на канверты, і на маркі, і яшчэ нават пра запас заставалася. Цяпер данатаў стала мала, набываць маркі дапамагае Моладзевы Хаб.
– Кожны дапамагае, чым можа: хтосьці прыходзіць пісаць лісты, хтосьці мае магчымасць заданаціць. У любым выпадку, мы бачым, што беларусам Варшавы гэтая ініцыятыва патрэбна – і тым больш яна неабходна палітвязням, якія ўжо каторы год застаюцца ў турмах і калоніях. Таму мы мусім працягваць.
Калі хочаце і можаце падтрымаць ініцыятыву «Лісты палітвязням» – заданаціць можна тут. А калі ёсць вольны час, заязджайце ў Беларускі Моладзевы Хаб па серадах і пішыце лісты – за кратамі іх дакладна чакаюць.