Свята-Увядзенская Царква ў Берыславе, знішчаная расійскім беспілотнікам. 1 жніўня, 2026 года. © Олександр Алчієв
Расійскія вайскоўцы знішчылі некалькі праваслаўных храмаў за мінулы тыдзень у Херсонскай вобласці.
Сёння выданне Most напісала пра знішчэнне званіцы храма ў Станіславе, які належаў Украінскай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату.
У пятніцу, 7 жніўня, Расія атакавала Срэценскі сабор у Херсоне канца XIX стагоддзя. Факт удару пацвердзіў біскуп Херсонскі і Таўрычны Нікадзім, на якога спасылаецца выданне Most. Характар пашкоджанняў ўдакладняецца.
Таксама расійскія вайскоўцы знішчылі храм Раства Багародзіцы Праваслаўнай Царквы Украіны ў Дар’еўцы Херсонскага раёна.
Чацвёрты сабор — нацыянальны помнік архітэктуры 300-гадовай даўніны, Свята-Увядзенская царква ў Берыславе, быў знішчаны ў пачатку жніўня.
Свята-Увядзенская драўляная царква ў Берыславе была пабудавана казакамі без адзінага цвіка на драўляных шпонках у XVIII стагоддзі. У 1784 годзе яе разабралі і перавезлі ўплаў па Дняпры да адваяванай у асманскіх войскаў крэпасці Кізікермен, якая пасля атрымала назву Берыслаў. Царкву зноў перанеслі ў 1853 годзе з цэнтра горада на ўскраіну Берыслава на Увядзенскія могілкі і пераасвяцілі ў гонар увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы.
Па словах кіраўніка мясцовай адміністрацыі, «храм перажыў стагоддзі, змену ўладаў, войны і савецкія пераследы. Выстаяў тады, калі яго спрабавалі закрыць і знішчыць. Але не выстаяў перад расейскай агрэсіяй».
Да апошняга часу храм знаходзіўся ў падпарадкаванні Новакахаўскай епархіі Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату.
Царква з’яўлялася ўнікальным помнікам архітэктуры нацыянальнага значэння, адзінкавым прыкладам Запарожскага царкоўнага дойлідства архітэктурнай школы сярэдняга Дняпра і апошнім будынкам казацкай архітэктуры падобнага тыпу XVIII стагоддзя, які захаваўся.
На кадрах, якія апублікаваў кіраўнік гарадской вайсковай адміністрацыі, відаць, што царква знішчаная фактычна дашчэнту. Застаецца невядомым, ці ўдалося выратаваць іконы і рэліквіі, якія знаходзіліся ў храме.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram