Фота: Н.Б.
Дождж не спалохаў гледачоў: усе паказы другой «Нямой ліхаманкі» прайшлі з поўнай аўдыторыяй, а на некаторых людзям даводзілася глядзець фільмы стоячы. Фестываль сабраў змяшаную беларуска-польскую аўдыторыю, хоць беларуская публіка пераважала. Так у дворыку Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве прайшла другая эдыцыя фестывалю нямога кіно і жывой музыкі, якая завяршылася напрыканцы мінулага тыдня.
За чатыры вечары тут паказалі «Кінааператара» Бастэра Кітана, «Пакуты Жанны Д’Арк» Карла Тэадора Драера, «Кабінет доктара Калігары» Роберта Вінэ і беларускую стужку «Суд павінен працягвацца». Кожны паказ суправаджала жывая музыка беларускіх і польскіх кампазітараў і выканаўцаў.
Сёлета «Нямая ліхаманка» пашырыла геаграфію праграмы і дадала больш сусветна прызнанай кінакласікі, але захавала беларускую лінію, опэн-эйр фармат, дзвюхмоўнасць і роўную ўвагу да кіно і музыкі. Пасля фінальнага паказу Reform.news пагаварыў з арганізатаркай фестывалю, кінакрытыцай Ірэнай Кацяловіч, пра тое, як складалася гэтая праграма, што новая музыка робіць са стогадовым кіно, навошта вяртаць беларускія нямыя стужкі ў публічную прастору і што можа быць з «Нямой ліхаманкай» далей.
– Ірэна, як складалася сёлетняя праграма? Чаму разам апынуліся Кітан, Драер, Вінэ і «Суд павінен працягвацца»?
– Гэтыя фільмы складаюць пазл з розных жанраў – камедыі, псіхалагічнай драмы, хорару і авангарднага савецкага агітацыйнага фільма пра жаночую эмансіпацыю.
Два фільма мы абралі сярод іншага праз тое, што да іх была напісаная музыка: фінансаванне фестывалю пакуль не стварае ўмоваў, у якіх мы можам загадзя фармаваць праграму і замаўляць кампазітарам музыку да ўсіх фільмаў, маючы пэўнасць, што фестываль адбудзецца. “Кабінет доктара Калігары” быў агучаны Вольгай Падгайскай некалькі гадоў таму, мы толькі вярнулі гэтую музыку ў публічны фармат, як вярнулі яе геніяльную музыку да “Фаўста” летась. І трэба сказаць, яны вартыя не аднаразовых паказаў, а пракату!
З мінулага года мы разважалі аб уключэнні ў праграму “Пакутаў Жанны Д’арк” – гэта абсалютна геніяльная стужка, адзін з найважнейшых фільмаў эпохі нямога кіно і сусветнага кінематографа ўвогуле. Сёлета да фільма паўстала новая музыка Канстанціна Яськова, і мы не раздумваючы, запрасілі Канстанціна да ўдзелу.
Пачаць фестываль мы вырашылі з камедыі, і тут звярнуліся да аднаго з трох найвялікшых комікаў нямога кіно Бастэра Кітана. Гэта вельмі добра спраўдзілася на першым даждлівым паказе, бо згладзіла дыскамфорт надвор’я. Мне было важна ўключыць у праграму беларускую стужку, і “Суд павінен працягвацца” быў абраны праз яго выразнасць і ў тым ліку для таго, каб працягнуць тэму жаночай эмансіпацыі, распачатую леташнім паказам “Прастытуткі”.
– Як ты выбіраеш кампазітара ці кампазітарку да канкрэтнага фільма і наколькі ўмешваешся ў працу над музыкай?
– За музычную частку на фестывалі адказвае музыкант і кампазітар Віталь Эпаў, у чым яму дапамагае Вольга Падгайская, якая таксама выступае ў якасці кампазітаркі да некаторых фільмаў, і ў гэтым сэнсе з’яўляецца зоркай “Нямой ліхаманкі”.
Сёлета “Кабінет доктара Калігары”, музыку да якога напісала Вольга, сабраў у паўтара-два разы больш гледачоў у параўнанні з іншымі паказамі. Воля мае сваіх прыхільнікаў, аматараў яе музыкі, і ў гэтым сэнсе “Нямая ліхаманка” – яшчэ адно месца, дзе можна пачуць Вольгу Падгайскую. Што да выбару кампазітараў, мы хоць і абмяркоўваем кандыдатуры разам, усё-ткі падчас абмеркавання я давяраю прафесіяналізму Віталя і Вольгі – гэта іх экспертыза, і яны сапраўды любяць справу агучвання нямых фільмаў. А тым больш я абсалютна не адчуваю сябе ў праве ўмешвацца ў працэс напісання музыкі, і ў гэтым сэнсе гэтаксама чакаю выніка як і нашыя гледачы/слухачы.
– Наколькі музыка можа змяніць сам фільм? Ці можа кампазітар/кампазітарка прапанаваць такое прачытанне, пасля якога ты сама пачынаеш глядзець на стужку інакш?
– Ад музыкі залежыць вельмі шмат: з ёй можна проста паглядзець фільм, а можна перажыць катарсіс. Эмоцыі, якія мы адчуваем падчас прагляду, абсалютна кіраваныя музыкай. Нашае стаўленне да персанажаў і іх ацэнка могуць залежыць ад музыкі. Некаторыя сэнсы і інтэрпрэтацыя падзеяў могуць стварацца музыкай.
– Што для цябе значыць вярнуць фільм амаль стогадовай даўніны ў сучаснасць? Ці дастаткова яго паказаць, ці новая музыка фактычна стварае для яго новы кантэкст?
– Новая музыка можа дадаць сучаснага гучання, бо гэта ўсё-ткі сучасная музыка – напісаная з улікам дадатковых ста гадоў развіцця гэтага мастацтва ды ў тым ліку з сучаснымі інструментамі. Польская кампазітарка Александра Хмелеўска, якая стварыла музыку да фільмаў “Прастытутка” і “Суд павінен працягвацца”, напрыклад, выкарыстоўвае электроніку.
Але паверце, гэтыя стужкі не маюць патрэбы ў асучасніванні: нямое кіно шмат у чым не менш, а часам нават больш прагрэсіўнае і сучаснае за сённяшнія стужкі. Па інтэнсіўнасці, выкшталцонасці выразнай мовы яно дакладна не саступае і здольнае гэтаксама здзівіць і ўтрымаць ля экрана да канца, галоўнае, глядзець на яго адпаведнымі вачыма, а не чакаць спецэфектаў кінематаграфічнага сусвету Marvel. Яно ўтрымлівае шмат эфектаў, прыёмаў ці сюжэтных паваротаў, якія гледачы пазнаюць, бо бачылі іх у сваіх любімых сучасных карцінах, і тут мы ўспамінаем, што без эпохі нямога кіно не было б таго, што мы глядзім у кінатэатрах сёння. Новая музыка прапануе новае прачытанне фільму, але кантэкста яму дадаюць і сама сучаснасць, і наш досвед, і тое, што мы ведаем пра мінулыя ўмоўна сто гадоў, і тое, што мы ведаем пра кіно, а гэта нашмат цікавей.
Файным прыкладам служаць акурат нашыя беларускія стужкі, бо мы глядзім, як праблемы жанчын адлюстроўваліся сто гадоў таму, і разумеем, што, на жаль, гэтыя фільмы надалей актуальныя, а ў чымсьці – калі параўноўваць сярэднюю тэмпературу па бальніцы – нават больш прагрэсіўныя. “Пакуты Жанны Д’арк” – стужка абсалютна выключная, ані ў нямым, ані ў сучасным кінематографе няма фільма, роўнага ёй. І яна выглядае вельмі сучасна з пункту гледжання зноў жа фемінісцкай перспектывы, калі звярнуць увагу на тое, як паказваецца Жанна і як паказваюцца суддзі і салдаты вакол яе, спрэс мужчыны.
– Чаму для цябе важна ставіць беларускі фільм у адну праграму з сусветным кінаканонам?
– Я з’яўляюся беларускай кінакрытыцай, а “Нямая ліхаманка” мае перадусім беларускую ідэнтычнасць, да таго ж калі тыя ж “Пакуты Жанны Д’арк” можна глядзець параўнальна часта – я сама была на паказе гэтага фільма ў варшаўскай філармоніі пару гадоў таму – то беларускае нямое кіно на публічным паказе мае характар нейкага цуда. Пры гэтым нашае нямое кіно заслугоўвае перагляду і пераацэнкі: многія з гэтых стужак былі забароненыя і пакладзеныя на паліцу альбо несправядліва ацэненыя крытыкай таго часу праз прызму адпаведнасці зменліваму курсу савецкай дзяржавы. Мне падабаецца, што некаторыя гледачы “Нямой ліхаманкі” са здзіўленнем адкрылі для сябе, што “Прастытутка” і “Суд павінен працягвацца” – калі адкінуць агітпоп шалупінне, вельмі цікавае, вынаходлівае, авангарднае кіно.
Мне як беларусцы таксама баліць праблема захаванасці беларускай спадчыны, у прыватнасці нямога і шырэй савецкага беларускага кіно. Арыгіналы і зыходныя матэрыялы беларускіх фільмаў савецкага перыяду захоўваюцца ў Расеі, якая зараз знаходзіцца ў стане вайны. Калі казаць пра нямое кіно, то так званыя першыя копіі, якія рабіліся з арыгінальных негатываў і захоўваліся на “роднай студыі”, згарэлі падчас пажару ў часе Другой сусветнай вайны. Такім чынам, паказваючы беларускае кіно на “Нямой ліхаманцы”, я намагаюся прыцягнуць да яго ўвагу, у розных гэтага аспектах.
– Летась была “Прастытутка”, сёлета “Суд павінен працягвацца”. Ці складаецца тут ужо асобная лінія пра жанчын, гвалт і эмансіпацыю ў раннім беларускім кіно?
– Так, жаночая эмансіпацыя была асобнай тэмай у беларускім кіно, і яна адлюстроўвала палітычны курс: новая савецкая дзяржава намагалася ўключыць жанчын у сацыяльнае і палітычнае жыццё, прапануючы, дарэчы, даволі прагрэсіўнае па тых часах заканадаўства. Праз нізкі ўзровень адукацыі сярод жанчын гэта не стварала рэальнага роўнапраўя, ды і не трывала збыт доўга, бо ўжо хутка жанчына была закліканая вырашаць праблемы дэмаграфіі, але час імкнення да жаночай эмансіпацыі і шырокага ўключэння жанчыны ў пабудову новай дзяржавы адбіты ў кіно. Можна заўважыць, як агітпоп стужка “Суд павінен працягвацца” высмейвае мужа галоўнай гераіні, які кажа, маўляў, што ягоная жонка патрэбная яму дома, а не на працы. У канцы ён становіцца адным з абвінавачаных на тым таварыскім судзе, які “павінен працягвацца”. “Прастытутка” выразна пераносіць адказнасць з жанчын, якія вымушана займаюцца прастытуцыяй, на карыстальнікаў з сэксуальных паслуг і суценёрак. Нават сёння, праз сто гадоў, гэта не абсалют у грамадскім меркаванні. Можна таксама звярнуць увагу на тое, як карыкатурна перадусім у “Прастытутцы”, але таксама ў “Судзе” паказаныя мужчыны – сто гадоў таму гэта было магчыма, і здымалі гэта рэжысёры-мужчыны.
– Пасля другой эдыцыі як ты сама вызначаеш месца «Нямой ліхаманкі» ў Варшаве: гэта беларускі праект у эміграцыі ці ўжо частка варшаўскага культурнага поля?
– На сёння гэта беларускі праект у эміграцыі – я ацэньваю паводле ідэнтычнасці стваральнікаў і тых, хто робіць гэты фестываль. Але гэта адначасова частка варшаўскага культурніцкага поля, хаця б тэрытэрыяльна. Аддаючы даніну ідэнтычнасці і нашаму новаму дому, для мяне важна рабіць фестываль даступным для абедзвюх аўдыторый, польскай і беларускай, – рыхтуючы субтытры і прэзентацыі перад паказамі на дзвюх мовах, а таксама маючы дзвюхмоўную публічную камунікацыю.
– Цяпер, калі другая «Нямая ліхаманка» ўжо завяршылася, калі думаць пра яе на некалькі гадоў наперад, чым яна можа стаць: штогадовым фестывалем, пляцоўкай для стварэння новай музыкі, архівам, даследчым праектам?
– У “Нямой ліхаманкі” ёсць багата шляхоў для развіцця, але перадусім у фармаце штогадовага фестывалю. Мне цікава думаць пра зварот да нацыянальных кінематаграфій і шырэйшы фокус не толькі на сусветна прызнаныя нямыя хіты, але і на схаваныя жамчужыны, што ў сваю чаргу адкрывае дзверы ў гістарычны кантэкст, у сацыяльныя настроі, у архітэктурны ды іншыя ландшафты гэтых краін стогадовай даўніны. З увагі на ўзровень стабільнасці ў беларускай незалежнай культуры план-мінімум – штогадовасць і разбудоўванне праграмы фільмамі і, магчыма, фарматамі. Я таксама не выключаю, што мы з вамі маглі заспець апошнюю “Нямую ліхаманку”, альбо што яна можа вярнуцца не ў наступным годзе, а праз некаторы час.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram