Ян Памедор Рэўцкі. Фота: сацсеткі
У закрытай суполцы «Беларусы ў Варшаве» паведамілі пра цырымонію развітання з яе заснавальнікам Янам Памедорам Рэуцкім.
«Запрашаем на цырымонію развітання, падчас якой у прысутнасці урны з Яго прахам мы разам згадаем Яго, падзяліўшыся ўспамінамі ў асяроддзі сяброў і знаёмых. Запрашаем усіх, хто хацеў бы разам з намі развітацца з Памедорам. Шчыра просім абмежаваць колькасць кветак», – пішуць у допісе.
Развітанне адбудзецца ў нядзелю, 15 лістапада, у беларускай кавярні па вуліцы Kobielska, 75, у 15.00 паводле мясцовага часу.
Таксама паведамляецца, што пасля урну з прахам Памедора Рэуцкага перавязуць у Беларусь, дзе адбудзецца пахаванне ў коле блізкай сям’і.
Ян Памедор Рэуцкі (Сяргей Пархаць) быў адным з аўтараў «Музыкальной газеты». У 2012 годзе ён пераехаў у Польшчу, дзе стварыў групу «Беларусы ў Варшаве» ў «Фэйсбуку» (аб’яднала каля 28 тысяч чалавек). Апошнім часам ён працаваў барыста ў варшаўскіх кавярнях Kakao і Temperatura. Займаўся валанцёрствам і падтрымліваў беларускую супольнасць.
Пра смерць Сяргея Пархаця стала вядома 20 кастрычніка, яму было 50 гадоў. Прычыны смерці не называліся. Грошы на пахаванне сабралі за тры дні.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram