Выстава Валерыя Славука адкрылася ў Чэрвені — фотафакт

У Чэрвеньскім раённым краязнаўчым музеі адкрылася выстава «Чароўны свет Валерыя Славука».

Валерый Славук знакаміты найперш як майстар кніжнай ілюстрацыі, прычым вузкага профілю: ён казачнік, стваральнік фантастычных персанажаў. І хоць яго адносяць да беларускай школы графікі, пераняць яго кампазіцыі ці тэхніку малюнка амаль немагчыма, сутнасць яго твораў хаваецца ў дробязях і безумоўна — ва ўнікальным уяўленні, у самім спосабе нараджэння гэтых выяў.

Твор з выставы «Чароўны свет Валерыя Славука». Фота: сацсеткі.

Валерый Славук і ў мастацтва прыйшоў нестандартным шляхам: на прэстыжную кафедру графікі тагачаснага тэатральна-мастацкага інстытута яго ўзялі без спецыяльнай сярэдняй адукацыі, выключна за талент, а пры строгай пераемнасці нашай мастацкай школы было амаль немагчыма пераскочыць нейкую ступень. І кампазіцыі яго ілюстрацый выкананы не паводле акадэмічных правіл: аўтар разгортвае свой герметычны свет з аднаго кута аркуша ў іншы. Пачынае, як сам тлумачыць, з галінкі, травінкі, а па дарозе нараджаюцца нечаканыя і нікім раней нябачаныя персанажы.

З 1977 года, з часу абароны дыплома ілюстрацыямі да беларускай народнай казкі «Удовін сын», казачныя вобразы сусветнай і беларускай міфалогіі сталі галоўнай тэмай мастака, творы якога насяляюць неверагодныя каты, фантастычныя казюркі, чараўнікі, дамавікі, русалкі розных відаў, вадзянік, ведзьмы, чэрці і мноства іншых істот.

Пазнавальны стыль Валерыя Славука вынікае з самога метаду стварэння прац: пакрокавага нарошчвання дэталяў, калі межы выявы дыктуюцца багаццем фантазіі. Адметнасць творцы ў тым, што ён умее ўвасобіць, выцягнуць у пачуццёвы свет персанажаў міфалогіі. І робіць гэта ўпэўнена: яго востры драбнаваты малюнак максімальна пераканальны ў дэталях. Мастак спачатку вывучае свет, які трэба адлюстраваць, прыдумвае герояў, сітуацыі, у якіх яны будуць дзейнічаць, а пасля гэты свет стварае.
У кожнай ілюстраванай кнізе — ён паўнавартасны суаўтар, і мноства дзяцей бачыць беларускія казкі вачыма Славука.

Творы з выставы «Чароўны свет Валерыя Славука». Фота: сацсеткі.

Цікава, што ў ліку мастакоў, чыя творчасць аказала на яго моцны ўплыў, Славук называе Брэйгеля і Босха — майстроў красамоўных дэталяў і аматараў пагружэння ў бессвядомае.

Твор з выставы «Чароўны свет Валерыя Славука». Фота: сацсеткі.

Мастак гаворыць, што каб прыйшло натхненне, патрэбна проста пачаць працаваць. І толькі ў працэсе можна адчуць асаблівы стан душы. Ён не возьмецца за работу, калі тэма не зачапіла, шукае ў кожнай кнізе інтрыгу, арыгінальны сюжэт. І калі знаходзіць, не можа адарвацца ад працы.

Куратарка выставы — Ала Зміёва.

Працуе выстава да 30 верасня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!