Выстава ў мясцовым Цэнтры сучаснага мастацтва «#Framedin Belarus: на шляху да салідарнасці» размясцілася ў падвальным памяшканні, што і вызначыла яе канцэпцыю.
Ініцыятарака праекта #Framed in Belarus Руфіна Базлова расказала reform.news, што кожны раз, як ладзіцца выстава праекта #Framed in Belarus, арганізатары працуюць з прасторай канцэптуальна: «Кожны раз праект прэзентуецца па-новаму. У гэты раз у нас было падвальнае памяшканне, а наш праект — пра палітзняволеных, пра схаванае ад вачэй. Рэжым, з аднаго боку, спрабуе зняволеных схаваць, а з іншага, як у андэграўндзе, усё роўна адбываеццца нейкі рух».
Арганізатары выкарысталі чатыры пакоі, каб правесць гледача праз усю гісторыю праекта і падзей ў Беларусі за апошнія гады. Пачынаецца ўсё з 2020-га, з пратэстаў. Руфіна Базлова тады рабіла серыю вышыванак на тэму беларускіх пратэстаў — «Гісторыю беларускай выжыванкі».
У другім пакоі выстаўлены вышыўкі з гісторыямі палітзняволеных і размешчаны спецыяльныя папкі, з апісаннямі гэтых гісторый. То-бок кожны глядач можа пагрузіцца ва ўласнае даследаванне. І там жа можна напісаць ліст да зняволеных.
У трэцім пакоі размешчаны план турэмнай камеры, там выстаўлена толькі адна вышыўка — з гісторыяй памерлага Вітольда Ашурка.
І апошні пакой — пра салідарнасць, ён спланаваны так, каб даць наведніку надзею. Там прадстаўлены каментары саміх удзельнікаў праекта. Там жа можна даведацца пра праект і далучыцца да яго.
«Пасля глядач вяртаецца назад, і мне самой цікава, што ён адчувае, калі ён ідзе зваротным шляхам», — расказвае Руфіна Базлова.
Нагадаем, што # Framed in Belarus — сацыяльны арт-праект, прысвечаны палітзняволеным, ён ініцыяваны мастачкай Руфінай Базловай (Беларусь) і куратаркай Сафіяй Токар (Малдова). Яго мэта — стварыць партрэты ўсіх незаконна асуджаных людзей з выкарыстаннем традыцыйнай тэхнікі вышыўкі – крыжыкам чырвонай ніткай на белым фоне. Такім чынам, беларускі арнамент становіцца кодам для запісу сучаснай гісторыі краіны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram