Выстава новых экспанатаў — рэчаў нядаўна вызваленых палітвязняў — пачынае працу ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве

У аўторак, 20 студзеня, у Музеі Вольнай Беларусі пачынае працу выстава новых экспанатаў «Кропка ўваходу – 123».

Выстава прысвечаная турэмнаму досведу часткі з 123 беларускіх палітзняволеных, дэпартаваных з Беларусі 13 снежня.

Экспанат выставы «Кропка ўваходу – 123». Фота: сацсеткі Музея Вольнай Беларусі.

«Іх вывозілі таемна — у балаклавах, з мяшкамі на галовах, са звязанымі за спінай рукамі. Без папярэджання. Без тлумачэнняў. Часта без пашпартоў і асабістых рэчаў.

Усё, што яны мелі з сабой, — валізка з адзеннем і турэмны мінімум.

Чайныя пакецікі. Алюмініевая лыжка. Мыла. Ануча. Цёплая бялізна.

Рэчы, у якія сціскаецца свет чалавека ў зняволенні.

Усё, на што можна абаперціся.

Сёння гэтыя прадметы — у музейнай вітрыне.

Яны больш не служаць для выжывання.

Яны пачынаюць расказваць», — паведамляе анатацыя выставы.

«Кропка ўваходу» — гэта серыя выставаў новых экспанатаў Музея Вольнай Беларусі. Праз арыгінальныя артэфакты арганізатары праекта прапануюць увайсці ў сучасны беларускі кантэкст і паглядзець на яго праз досвед людзей і рэчаў, што ўзнікаюць тут і цяпер.

Выстава працягнецца да 1 сакавіка.

Адрас Музея Вольнай Беларусі: Foksal 11, Варшава

🔥 Поддержите Reform.news донатом!