У дзень народзінаў Алеся Пушкіна — 6 жніўня — у Варшаве, у Музеі Вольнай Беларусі, адкрыецца выстава «Ales Pushkin. AFTERLIFE». Гэтая дата абрана для адкрыцця праекта невыпадкова — насуперак гвалтоўнай смерці беларускага мастака, якая адбылася год назад у гарадзенскай турме.
Для выставы абрана некалькі ключавых тэм, якія раскрываюць рознабаковае мастацтва аўтара і застаюцца актуальнымі ў сённяшні гістарычны момант: Дзень Волі, Падарунак Прэзідэнту, Святы і Святы, Беларускі Рэзістанс, Супраціў Вайне.
Асноўная канцэпцыя экспазіцыі грунтуецца на акцыях і перформансах Алеся Пушкіна, якія ён праводзіў у адкрытай прасторы з 1989 года. Гэтыя акцыі паказваюць яго як радыкальнага мастака-акцыяніста, які працаваў з культурным, сацыяльным і палітычным кантэкстамі.
Экспазіцыя выкарыстоўвае інсталяцыйны метад самога аўтара і працягвае яго выхад у прастору.
Большасць экспанатаў створана на аснове медыйных артэфактаў, дакументаў і арыгінальных відэапрац з архіва мастака, сяброў і калег. У выставу таксама інтэграваны арыгінальныя працы мастакоў, фатографаў і відэадакументалістаў, якія супрацоўнічалі з Алесем і чыя творчасць канцэптуальна звязана з яго ідэямі. Гэта дадае больш уяўлення аб атмасферы часу і працягвае яго мастацкую спадчыну.
Алесь Пушкін — мастак, перформер, актывіст, куратар, галерыст. Нарадзіўся ў 1965 годзе і жыў у мястэчку Бобр, паміж пушчаў-балот на ўсходзе Беларусі. Займаўся рэстаўрацыяй, манументальным царкоўным жывапісам і тэатральным мастацтвам. Адна з найважнейшых акцый «Падарунак прэзідэнту «За пяцігадовую плённую працу!» адбылася ў 1999 годзе і лічыцца пераломнай для беларускага арт-актывізму. За свае перформансы і палітычныя погляды на працягу ўсяго творчага жыцця неаднаразова адбываў судовыя і турэмныя пакаранні. 11 ліпеня 2023 года Алесь памёр у гродзенскай турме №1.
У выставе можна будзе ўбачыць творы: Алеся Пушкіна, Руфіны Базловай (Stitchit), Аляксандра Васюковіча, Андрэя Дурэйкі, Іяланты Кіліян, Янака Коўзеля, Максіма Тымінько, Антося Цялежнікава, Яны Шостак, Рамана Шэла.
Асаблівым момантам падчас адкрыцця праекта стане выступ «Вольнага хора».
Куратар выставы — Андрэй Дурэйка.
Выстава будзе працаваць да 31 жніўня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram