Выдавецтва Vesna Books выпусціла з друку дзве заключныя часткі гістарычнай тэтралогіі «Silva Rerum» Крысціны Сабаляўскайце. Выданне называюць адной з самых значных падзеяў у літоўскай літаратуры апошніх дзесяцігоддзяў, а польская набеліянтка Вольга Такарчук назвала твор «маркесаўскім раманам».
На беларускую мову кнігі пераклаў Сяргей Шупа.
Silva Rerum — па-лацінску «лес рэчаў», папулярны ў XVI—XVIII стагоддзях сярод літоўскай шляхты жанр, «сямейная кніга», якая перадавалася з пакалення ў пакаленне, дзе запісваліся важныя жыццёвыя падзеі. Дзея першай часткі адбываецца ў 1659—1667 гадах у Вільні і ў далёкім жамойцкім двары, сядзібе шляхецкага роду Нарвойшаў.
Падзеі «Silva Rerum II» адбываюцца ў 1707—1710 гг. Паўночная вайна, чума, раскоша і галеча, шведскія і расейскія салдаты, яўрэйскія лекары, упартыя жамойты і іранічныя вільняне і, вядома, наступнае пакаленне шляхецкага роду Нарвойшаў.
«Silva Rerum III» працягвае сагу пра род Нарвойшаў — чытач пераносіцца ў сярэдзіну XVIII стагоддзя, дэкадэнцкую эпоху ракако, якую часта называюць «сутоннем перад эпохай Асветніцтва». Пётр Антоні Нарвойш, аконам і давераная асоба магутных Радзівілаў, становіцца сведкам іх сямейнай драмы.
«Silva Rerum IV» завяршае вялікую віленскую сагу роду Нарвoйшаў. Падзеі адбываюцца ў канцы XVIII ст. — гэта час палітычных, эканамічных і культурных узрушэнняў, пераломны момант эпох, калі Вялікае Княства Літоўскае перажывае палітычны заняпад і адначасова прарыў прагрэсіўных ідэй.
«Гэта сапраўды вялікая кніга пра нашу Эўропу, Эўропу бясконцых шэра-зялёных лясоў, таямнічых рэк і глыбокіх азёраў, раскіданых між гэтага маркотнага абшару каменных маёнткаў і гарадоў, што хутчэй бароняцца сваёй эўрапейскасьцю ад навакольля, чым яго дапаўняюць, — падзяліўся ўражаннямі пра першы два тамы сагі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. — Кніга пра Эўропу, якую на Захадзе дагэтуль успрымаюць як terra incognita. Пра іншую Эўропу. Кніга пра тую Літву, якой беларусы збольшага ня ведаюць, хоць яна неімаверна блізка — значна бліжэй, чым здаецца. Кніга пра тое мінулае, калі між Літвой і Беларусьсю не было межаў у сучасным сэнсе слова. Кніга пра тое самае легендарнае ВКЛ часоў павольнага (а мо імклівага: хуткасьць і ход гісторыі залежаць ад таго, хто, калі і, галоўнае, каму яе чытае) заняпаду — але зь іншага боку і іншай мовай».
Набыць кнігі можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram