Па матэрыялах монаспектакляў музыкі, збіральніка беларускага фальклору і лідара этна-гурта «Троіца» Івана Кірчука выйшла двайная кружэлка «Варажбіт».
У паўнавартаснае выданне ўваходзіць дзве кружэлкі, флэшка і кніга. Наклад, як паведамляе музыка, невялікі — 150 асобнікаў, але разглядаецца варыянт продажу флэшак з запісаным матэрыялам. На плытках — 55 песенных твораў.
«Варажбіт» увабраў у сябе папярэднія напрацоўкі музыкі — у прыватнасці, фрагменты яго монаспектакляў «Сонцам асвячуся», «Споведзь пад стрэхамі», «Дарожка мая». «Варажбіт» тут паўстае асобным тэатральным і музычным творам, які развіваўся на працягу многіх гадоў, і нарэшце, займеў форму альбому.
Прэзентацыя зборніка і спектакля з аднайменнай назвай, прымеркаваная да 40-годдзя творчай дзейнасці Івана Кірчука, адбудзецца 22 красавіка ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы.
«У ходзе спекталя прагучыць больш за 50 беларускіх архаічных спеваў, звязаных з календаром продкаў, сямейнымі абрадамі і традыцыямі ўсіх рэгіёнаў Беларусі», — адзначаецца ў анатацыі да пастаноўкі.
Пасля прэзентацыі выданне можна будзе набыць у сеціве, удакладняе творца.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: