Выйшаў музычны альбом памяці беларускага мастака Алеся Родзіна. Яго аўтар — Віктар Сямашка

Роўна год таму з жыцця пайшоў беларускі мастак, шматгадовы арганізатар фестываляў эксперыментальнага мастацтва «Дах», спачатку ў Берліне, а пасля – у Мінску, – Алесь Родзін. Музыка і паэт Віктар Сямашка сёння выклаў у сеціва новы альбом, які ён прысвяціў вядомаму жывапісцу, перформеру і футурысту. Плытка мае назву «Дах».

«Дах» – альбом зь дзьвюх паловаў: пад і над. Адна частка была запісаная ўнутры – у менскай прасторы «Верх», другая адбылася звонку – ля сядзібы Тадэвуша Рэйтана ў Грушаўцы, распавёў пра новы запіс музыкант. У абодвух выпадках імпрэзы праходзілі ў межах фэсту «Дах» у 2016 годзе, што значыць, зь ініцыятывы Алеся Родзіна й Зьмітра Юркевіча. Выступаў сольна, калі ня ўлічваць delay-машынку й навакольных «грушаўскіх» дзяцей, чые галасы чуваць на запісе. Алесю – вечная памяць і падзяка за тое, што рэгулярна даваў «дах» найглыбейшым падпольшчыкам і ноўнэймам са стажам і без. Зьмітру – вытрымкі, плёну й новага дыханьня ва ўсіх накірунках».

Алесь Родзін (1947-2022) беларускі мастак-эксперыментатар, творы якога, утрымліваючы і нацыянальную тэму, падымалі праблемы планетарнага маштабу. Карціны Алеся Родзіна «разважалі» пра чалавецтва і яго шлях; ад інсекты — да Сусвету мастак напаўняў свае палотны дэталямі і глабальнымі вобразамі, правакуючы гледача ўбачыць узаемасувязь малога і вялікага.

Алесь Родзін.

Быў рэзідэнтам берлінскага цэнтра Тахелес, ладзіў там выставы і падтрымліваў маладых мастакоў. Акрамя жывапісу займаўся інсталяцыямі, фатаграфіяй, відэаартам, перформансам. Разам з сябрам і паплечнікам Змітром Юркевічам на працягу некалькіх гадоў рабіў фестываль эксперыментальнага мастацтва «Дах». Аўтар вялізных панарам, сярод якіх футуралагічны прагноз «ХХІ стагоддзе», «Апакаліпсіс», «Сіндром Адраджэння» і «Міфалагема тысячагоддзя» і іншых.

Быў пахаваны на Чыжоўскіх могілках (Мінск) разам са сваёй маці і дзедам.

Выдатна, што Віктару Сямашку ўдалося стварыць альбом, які адлюстроўвае эксперыментальны дух улюбёнага фестывалю «Дах», які ладзіў спадар Алесь, удалося ў чымсьці перадаць дух творчасці Алеся Родзіна.

Слухаць прысвячэнне ад творца творцу можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!