Выйшаў фотаальбом пра «Магілёўскае цунамі»

У выдавецтве «Янушкевіч» выйшла даследаванне-фотаальбом, прысвечанае забытай катастрофе 10 красавіка 1942 года, калі праз абрушэнне дамбы ў Магілёве здарылася паводка на рацэ Дубравенка.

Магілёўскі краязнавец і літаратар Аляксей Бацюкоў — аўтар выдання — лічыць яго самай буйной тэхнагеннай катастрофай на тэрыторыі Беларусі.

Амаль усе здымкі фотаальбома паходзяць з калекцыі Давіда Алега Лісоўскага, магілёўскага калекцыянера і краязнаўца, які цяпер жыве ў Германіі. 10–15 год таму былі вядомыя толькі два фотаздымкі магілёўскага цунамі, якія захоўваліся ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі. Але такія выявы даволі часта сустракаюцца на нямецкіх аўкцыёнах, бо многія нямецкія салдаты мелі пры сабе фотаапараты і, прадчуваючы катастрофу, рабілі здымкі чыгуначнага насыпа, які вось-вось абрынецца. Давід Алег Лісоўскі выкупляе фотаздымкі Магілёва часоў Першай і Другой сусветных войнаў на нямецкіх аўкцыёнах, і здымкаў цунамі ў яго каля 90.

Пра тое, што адбылося ў Магілёве 10 красавіка 1942 года, Аляксей Бацюкоў расказаў у адным інтэрв’ю.

«Калі Чырвоная армія адступала, яна падрывала інфраструктуру, якой маглі карыстацца потым нямецкія вайскоўцы. У тым ліку знішчылі чыгуначны мост праз раку Дубравенку і хацелі падарваць чыгуначны насып (у той час у кірунку на Асіповічы і Мінск функцыянавала дзве чыгуначныя лініі: па мосце і па насыпе, які зрабілі пасярод ракі, пусціўшы ваду праз яго ў трубу).

Мост разбурылі, а насып разбурыць не змаглі нават пры дапамозе трох выбухаў. Ён проста прасеў і спыніў раку, якая праз яго цякла. Гэта адбылося ў ліпені 1941 года. Ужо да канца года магілёўскія гарадскія чыноўнікі сталі біць трывогу, што збіраецца вада, і калі будзе паводка, то яна можа знесці і насып, і дамы далей уздоўж плыні Дубравенкі. А чыгуначны насып знаходзіўся ў тым жа месцы, што і сёння, недалёка ад гасцініцы «Магілёў». Спрабавалі прабурыць штольню ў масіве насыпа, каб спусціць ваду. Бурылі каля трох месяцаў, пад канец нават круглыя содні, у тры змены. Магілёўскім інжынерам дапамагала нямецкая арганізацыя «Тодта», якая дзейнічала пры арміі. Штольню пракладалі вельмі граматна, ставячы спецыяльныя апоры праз кожны метр. Ледзь дабраліся да цэнтра насыпа — і ўсё застапарылася.

Выкарыстоўвалі металічны ліст, каб праганяць штольню. Вялікая маса мокрай зямлі проста заціснула інвентар працаўнікоў.

Калі стала зразумела, што прабурыць штольню не атрымаецца, сталі думаць пра іншыя шляхі вырашэння праблемы. Але немцы ўвесь час выкарыстоўвалі чыгунку на насыпе і забаранілі там праводзіць якія-кольвек работы. Потым яны ўзнавілі мост побач з насыпам і сталі ўжо самі займацца спускам вады. Верагодна, немцы сталі падрываць насып. Ёсць яго здымак з аграмаднай варонкай. Верагодна, калі б яны яго не чапалі, то, можа, нічога і не адбылося б. Можа, яшчэ і два, і тры гады б гэтае возера збіралася і збіралася. Але яны настолькі моцна знішчылі насып, што ў нейкі момант рэчка паплыла.

…Удзень 10 красавіка 1942 г. адбылася гэтая катастрофа: грукат, трэск, паляцеў насып, вада знесла каля 115 дамоў. Яшчэ шмат дамоў затапіла. Возера было са льдом, да таго ж крыгі былі да метра таўшчынёй, такія кубы льду. Яны разбівалі дамы, раструшчылі лазню. Мясцовы жыхар распавядаў, што пабачыў гаўбец з чыгуначных рэек на адным з дамоў, і гэты гаўбец, як ён казаў, «быў пакручаны як жыдоўскія пейсы» — такімі моцнымі былі ўдары гэтых крыг, што зміналі нават жалезныя канструкцыі.

Літаральна праз дваццаць хвілін вада прайшла».

У кнізе публікуюцца ўспаміны відавочцы, якая таксама пацярпела ад паводкі разам з сям’ёй, якія раней нідзе не публікаваліся. У канцы кнігі прыведзеная зводная табліца, у якой сабраныя ўсе вядомыя імёны і адрасы пражывання людзей, якія патрапілі пад удар стыхіі. Усяго атрымалася выявіць у архіўных дакументах каля 380 такіх сем’яў.

Таксама ў выданні прыводзіцца методыка падліку, якая дазваляе, на думку аўтара, наблізіцца да найбольш рэалістычнай ацэнкі колькасці ахвяр катастрофы.

Набыць кнігу можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!