У Дзень незалежнасці Украіны выдавецтва Skaryna Press анансавала выданне перакладу ўкраінскага бестселера — «Хэмінгуэй нічога не ведае» Артура Дроня.
Кніга прозы Артура Дроня — часам смешная, часам сумная — несумненна захапляльная. Кніга атрымала прэстыжную прэмію імя Юрыя Шавялёва за найлепшую ўкраінскую кнігу эсэістыкі 2025 года. А сёлета яна выходзіць на дзевяці мовах, у тым ліку па-беларуску.
Пасля ўніверсітэта Артур Дронь паспеў правесці на працы сваёй мары паўгады. У лютым 2022-га ён далучыўся да тэрытарыяльнай абароны УСУ.
У кастрычніку 2024 года Артур Дронь быў паранены. Падчас рэабілітацыі пасля ранення ён напісаў сваю першую кнігу прозы.
Там, на вайне, ён зразумеў, што ягоны досвед кардынальна адрозніваецца ад досведу ваенных пісьменнікаў мінулага.
«Прызнаныя мэтры ваеннай літаратуры не вытрымліваюць выпрабавання рэальнасцю, — паведамляе анатацыя украінскага выдання. — Ім пра нас, украінцаў, нічога не вядома. Пра сябе можам казаць толькі мы, таму што на Усходнім фронце ўсё змянілася. І Артур Дронь кажа пра гэта адкрыта і прама. Як кажуць тыя, якія былі на мяжы. І вярнуліся».
«Хэмінгуэй нічога не ведае» — гэта і асабістыя эсэ-мемуары, і шэпт пра страчаных пабрацімаў, і своечасовы напамін пра тое, што і на фронце ў салдат унутранае жыццё застаецца такім жа пакручастым.
Кніга выйдзе напрыканцы верасня. Яе можна замовіць (і дапамагчы выдавецтву дадаць да яе апошнія штрыхі) ужо цяпер.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
