Выдавецтва SKARYNA PRESS рыхтуе да публікацыі першую ў гісторыі беларускай літаратуры анталогію гей-пісьменства

«Мальцы выходяць з-пад кантролю» — першая ў гісторыі беларускай літаратуры анталогія гей-пісьменства плануецца да выхаду ў лонданскім актывісцкім выдавецтве SKARYNA PRESS. Каб ажыццявіць публікацыю адметнай кнігі, якая рыхтавалася больш за пяць год, выдавецтва распачало краўндфандынг на Ko-fi.com.

«Упершыню беларускае чытацтва мае анталёгію, якая прапануе погляд на літаратуру знутры гей-досьведу. Яна апісвае тое, што самі геі вызначаюць як гей-культура і гей-літаратура. Дасюль гэты пласт культуры або замоўчваўся, або ставіўся пад сумнеў, або аналізаваўся няхай і гей-прыязнымі, але ўсё ж літаратарамі і літаратаркамі, якія больш ці менш пасьпяхова балянсавалі свой аналіз з уласнай гетэраідэнтычнасьцю», — адзначаецца ў прадмове да будучага выдання.

«Першы канкрэтны крок да беларускай квір-літаратуры мусіў быць недзе зроблены, і ён мусіў быць практычна асягальны. Так сталася гістарычна ў нашым выпадку, што ён датычыў артыкуляваньня мужчынскага досьведу», — гаворыцца ў прадмове.

Многія тэксты ў анталогіі друкуюцца пад псеўданімамі.

«Некаторыя тэксты былі адкліканыя на розных этапах падрыхтоўкі, а вельмі многія аўтары проста не рызыкнулі даслаць свае творы, — збор твораў рыхтаваўся не без складанасцяў, звяртаюць увагу стваральнікі. — [Але] дадзеная анталёгія пераводзіць беларускіх геяў у плашчыню суб’ектнасьці, ператварае іх у актыўных актараў, а ня толькі аб’ектаў дасьледаваньня, назіраньня ці апісаньня».

У анталогіі, у рэшце рэшт, будуць надрукаваныя творы наступных аўтараў і аўтарак: П. Асакі, Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Юлія Таўбіна, Адама Глобуса, Вячаслава Бортніка, Альгерда Бахарэвіча, Зьміцера Александровіча, Вольгі Касьцюк, Янко з Мазовіі, Юрыя Гуменюка, Шандара, Яны Крэмень, Артура Камароўскага, Мікіты Ільінчыка, Пятро Мятлы. Рэдактар — Уладзіслаў Гарбацкі.

«Вынік – наватарская і прыгожая калекцыя тэкстаў, якія адкрываюць нам яшчэ адно вымярэнне саміх сябе», — падсумоўвае SKARYNA PRESS.

Зараз на сайце Ko-fi.com адкрыты збор сродкаў на публікацыю анталогіі. На сёння сабрана 54% ад патрэбнай сумы.

Прэзентацыя «Мальцоў…» запланавана на кастрычнік — у Варшаве, у межах фестываля інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA.

Падрабязней даведацца пра нешараговае выданне можна тут.

Выдавецтва «Скарына» было створана групай аднадумцаў у 2022 годзе, каб працягваць і ўзбагачаць традыцыю беларускай кнігі па-за межамі, адлюстроўваць патэнцыял беларускага замежжа і наладжваць сувязі паміж аўтарамі і чытацтвам у Беларусі і ў свеце. «У сучасным сьвеце шляхі культуры не павінны абмяжоўвацца дзяржаўнымі межамі, таму мы выдаем кнігі, каб адукоўваць, яднаць і мацаваць нашую нацыянальную супольнасць, і папулярызоўваць беларускую культуру па ўсім свеце», — кажа рэдакцыя выдавецтва, у склад якой уваходзіць Таццяна Астроўская, Уладзіслаў Гарбацкі, Ігар Іваноў, Ганна Комар і Караліна Мацкевіч.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!