Выдавецтва Gutenberg працягвае праект перавыдання беларускай класікі творам Евы Вежнавец «Шлях дробнай сволачы». Упершыню кніжка выйшла ў 2008, але сабраныя ў ёй апавяданні пісаліся з канца 1990-х («Мы два хохлікі» надрукаваны ў часопісе «ARCHE» ў 1998 годзе), а аповесць, якая дала назву зборніку, «Шлях дробнай сволачы», датаваная 2005-м.
Як мы сёння згадваем той час? Безумоўна, па-рознаму, аднак многія ўспрымаюць яго дакладна гэтак жа, як і героі Евы Вежнавец, бесперспектыўным, бескіслародным — нібы цьмяная слюда.
У кнізе так шмат болі і адчайных, самазабойчых спроб герояў вырвацца з гэтай мёртвай матэрыі, што каб разбіць пафас драмы, пэўныя высілкі спатрэбіліся як самой аўтарцы, так і літаратарцы Марыі Мартысевіч, якая напісала метафарычныя ўводзіны з кароткімі іранічнымі дыялогамі паміж Евай Вежнавец і амаль архетыпічнымі персанажамі беларускага свету, у тым ліку са Святланай Курс.
Ва ўсіх апавяданнях улоўліваюцца тагачасныя рэаліі, героі і тыпажы таксама даволі пазнавальныя. Некаторыя з гісторый больш дакументальныя – нібы ўспаміны, іншыя больш асабістыя – як чыесьці дзённікі, дзе пішацца самае патаемнае.
Аповесць, якая дала назву кнізе, калі не пра дзве душы, дык пра два шляхі, якімі могуць рушыць у адваротных кірунках адукаваныя людзі нават у межах адной сям’і. Рушыць, каб потым сустрэцца ў коле сям’і і паспрабаваць адно аднаму нешта давесці.
«Я, як мне здаецца, пішу пра жыццё й пра людзей, якія ў гэтым жыцці хочуць сябе знайсці, а замест гэтага губляюць сябе, не могуць адчуваць сябе да канца споўненымі. Я пішу сумную прозу, але ў маіх кніжках ёсць і своеасаблівы горкі беларускі гумар», — прызнавалася аўтарка.
Мова кнігі настолькі ёмістая, што хочацца адкрыць чысты сшытачак і завесці слоўнічак Евы Вежнавец, выпісваючы дасціпныя фразы і шукаючы на прасторах інтэрнэту рэдкія, але характарныя слоўцы. Занятак ці не марны, бо мелодыка тэксту ідзе з глыбінь уласнага досведу камунікацыі з беларускімі бабулькамі, што памяталі зусім старыя часы.
Прачытаўшы кнігу наноў, цяжка не задаваць сабе пытанне, што змянілася за гэтыя 20 з гакам гадоў — з часу напісання апошняга аповеду. Усё ж, пэўна, сышла тая туга і безнадзейнасць, якіх не ў стане трываць большасць герояў кнігі. Часы пачатку лукашызму і яго скон – цікава, аднак, будзе пасля параўноваць… Ну а цяпер пераканальную фіксацыю зыходнай кропкі гэтага перыяду прапануе чытачу выдавецтва «Gutenberg Publisher».
Набыць «Шлях дробнай сволачы» Евы Вежнавец можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram