Марцін Ясіньскі. Фота: Андрэй Дубінін.
Яшчэ нядаўна на гэтым варшаўскім будынку побач з украінскім лунаў беларускі сцяг. Але і без сцяга на фасадзе беларускія актыўнасці тут працягваюцца. У Старамейскім доме культуры знайшлі прытулак Беларускі ПЭН, тэатр і музычныя хоры, тут ладзяцца мастацкія і літаратурныя рэзідэнцыі, праводзяцца моўныя курсы, дыскусійныя панэлі, а таксама сумесныя сустрэчы польскіх і беларускіх культурных менеджараў для стварэння супольных праектаў.
Тут жа праходзяць адкрытыя конкурсы для пісьменнікаў, драматургаў, перакладчыкаў і мастакоў.
У галерэі Promocyjnej на апошнім паверсе зрэдчас адбываюцца выставы беларускіх аўтараў. Напрыклад, у верасні пройдзе выстава, прысвечаная «нябачным гісторыям», удзельнікаў якой абіралі праз адкрыты конкурс.
Усё гэта адбываецца пры падтрымцы і спрыянні польскага культурнага менеджара і дырэктара Старамейскага дома культуры ў Варшаве Марціна Ясіньскага.
Цяпер беларускія праграмы ў доме культуры пад пагрозай. Інстытуцыя змяняе сваю функцыю, мяркуецца, што тут будзе працаваць дом літаратуры.
Абвешчаны конкурс на новага дырэктара, які б увасобіў гэтую трансфармацыю ў жыццё. Цяперашні дырэктар інстытуцыі Марцін Ясіньскі ўдзелу ў конкурсе прымаць не стаў. Ён мяркуе, што калі дом культуры ператвораць у дом літаратуры, то іншыя праекты страцяць раўнапраўнае становішча або знікнуць.
Паразмаўлялі з Марцінам Ясіньскім пра гісторыю інстытуцыі і беларускую культуру ў выгнанні.
— Вы закончылі Інстытут археалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, але працаваць пайшлі ў культурны менеджмент. Былі паўнамоцным прадстаўніком Прэзідэнта Варшавы, каардынавалі рэалізацыю праграм развіцця культуры, а пасля перайшлі ў дом культуры. Такія інстытуцыі не лічацца вельмі прэстыжным месцам працы… Чаму адбыўся гэты пераход?
— Усім, хто займаецца культурнай палітыкай, раю праз некаторы час вярнуцца да працы з людзьмі, да непасрэднага кантакту, каб не страціць сацыяльны слых.
— Вас тады назвалі інавацыйным менеджарам. Што новага вы прыўнеслі ў тыя дамы культуры, дзе працавалі?
— За інавацыйны менеджмент я атрымаў узнагароду ад маршалка Мазавецкага ваяводства. Такую ўзнагароду атрымліваюць асобы, якія выходзяць па-за межы ўстояных і распаўсюджаных схем. Мне яе далі за дзейнасць Бемоўскага дома культуры, у якім мы тэставалі новы спосаб працы з мясцовай супольнасцю.
Самы распаўсюджаны спосаб захаваць сувязь з лакальнай супольнасцю, асабліва ў невялікіх інстытуцыях, гэта рэалізаваць праекты, у якіх будуць удзельнічаць папулярныя выканаўцы.
Бо варта толькі спытаць людзей, каго яны хацелі б бачыць, напрыклад, на дні горада, яны дадуць імёны дзесяці самых папулярных выканаўцаў.
А мы паказалі, што з супольнасцямі можна працаваць крыху іначай.
Мы зрабілі акцэнт на эфектыўнасці і пачалі ўзаемадзейнічаць з тымі людзьмі, якія прыходзяць у розныя інстытуцыі невядома дзеля чаго, але ім вельмі хочацца пачаць хоць нешта рабіць. Іх энергія не знаходзіць прымянення. І мы вырашылі гэтую энергію скіраваць на канкрэтныя справы.
Мы запрашалі тых асоб, якія хацелі рэалізаваць нешта сваё і дапамагалі ім з тэарэтычнай базай – навучылі, як спраектаваць, як наладжваць стасункі і нешта рабіць без грошай або з невялікім бюджэтам. І кожны год пяць ці шэсць чалавек стваралі свой уласны праект.
Былі і людзі, якія валодалі пэўнымі навыкамі. Напрыклад, вельмі добра малявалі. Ці яны чыталі дзецям кнігі і хацелі рабіць гэта з іншымі. Гэта дазволіла нам задаволіць прыхаваныя патрэбы супольнасці і наладзіць сувязі паміж суседзямі.
— А ў новай інстытуцыі – Старамейскім доме культуры – якія змены вы распачалі?
— Фармат дзейнасці гэтай інстытуцыі быў распрацаваны выбітным польскім эканамістам прафесарам Ежы Хаўснерам, які ў 2016 годзе па даручэнні гарадскіх уладаў падрыхтаваў аналіз гарадскіх інстытуцый культуры і паказаў іх патэнцыял.
Большая частка гэтай працы была прысвечана нашай інстытуцыі. Старамейскі дом культуры меў рэпутацыю ўстановы, што засталася ад папярэдняй эпохі, але са сваімі традыцыямі. Гэта таксама адзіны грамадскі цэнтр, які не падпарадкаваны раённым уладам.
З увагі на такое спецыфічнае месца Старамейскага дома культуры, прафесар Хаўснер вырашыў, што гэта інстытуцыя можа быць установай, якая фарміруе і шукае інструменты для рэалізацыі розных стратэгій. То-бок яна можа тэставаць розныя рашэнні, якія потым будуць прымяніць у горадзе больш сістэмна.
Быў праведзены конкурс на кіраўніка Старамейскага дома культуры, які я выйграў. Я таксама прапанаваў новую мадэль развіцця, якая была заснавана на гарадской стратэгіі і супадала з рэкамендацыямі прафесара Хаўснера. Мы адразу ж пачалі навучаць культурны персанал, у тым ліку каардынаваць Фонд экалагічнай адукацыі. Гэта быў наш функцыянальны абавязак, які выцякаў з праграм сталічнай Варшавы.
Яшчэ адзін кірунак нашай працы – галерэя, адна са старэйшых у Варшаве, тут нараджаўся постсталінскі польскі авангард. Мы спрабавалі адаптаваць яе працу да новых умоў, каб рэалізаваць дастаткова смелыя праекты. І галерэя ўвайшла ў склад калектыву Fringe і пачала каардынаваць гэты фестываль мастацтваў.
— А як падтрымка беларусаў ўпісалася ў новы фармат?
— Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне мы адчулі, што павінны неяк адрэагаваць. І аднымі з першых, ужо ў пачатку сакавіка, сталі прысуджаць аднаразовыя стыпендыі творцам, якія прыязджаюць з Украіны. Мы далі такіх стыпендый не дзесяць, як планавалася, а амаль восемдзесят, таму што да нас далучыліся Варшава, цэнтр Мерашэўскага і Фонд Касцюшкі з ЗША.
У наступныя месяцы, дзякуючы фонду «Польскі цэнтр міжнароднай дапамогі» і амерыканскім праграмам Care і Cash for work, я каардынаваў працаўладкаванне людзей з Украіны ў варшаўскіх культурных установах. І амаль 150 чалавек пачалі працаваць у 22 інстытуцыях.
І ў апошні момант нам удалося ўключыць у гэтую праграму некалькі дзясяткаў чалавек з Беларусі. Таму што мы пераканалі заснавальніка, што некаторыя беларусы паходзяць з Украіны. Пазней мы далі стыпендыі творцам, якія прыбылі непасрэдна з Беларусі, паколькі яны дэ-факта сталі ахвярамі той жа вайны.
Але нашы адносіны з беларускай дыяспарай пачаліся раней, з супрацоўніцтва з «Вольным хорам» і літаратурнай супольнасцю. Я адразу заўважыў, што беларуская эміграцыя адрозніваецца ад тых, якія дагэтуль з’яўляліся ў Варшаве. Прыехала шмат цікавых, творчых людзей культуры і мастацтва.
Галоўнай праблемай былі фінансавыя пытанні, таму што ў нашага дома культуры ніколі не было шмат грошай, і, акрамя літаратурных рэзідэнцый, ён не атрымліваў сродкаў на гэтае супрацоўніцтва. Мы атрымліваем грошы ад партнёраў ці шукаем іх у праграмах міністра.
Мы знайшлі выхад у праграме пад назвай MAL — месцы актыўнасці лакальнай. Гэта прасторы, дзе кожны жыхар можа прыйсці, каб рэалізаваць свой праект і выкарыстоўваць даступныя інструменты. Напрыклад, калі суседзі пагодзяцца гуляць разам на мандалінах, яны могуць зрабіць гэта ў такім месцы, яно прызначана для гэтага. І калі яны гатовыя выступаць на публіцы, яны могуць зладзіць там канцэрт. Або згуляць у брыдж.
І мы падумалі, што гэтую праграму можна адаптаваць для працы з беларускай дыяспарай. Нам не патрэбныя сродкі, каб зрабіць наш дом месцам культурнай і сацыяльнай актыўнасці.
Такім чынам, выкарыстанне інструментаў, даступных гораду, і рух у кірунку, прызначаным прафесарам Хаўснерам, аказаліся вельмі эфектыўнай стратэгіяй супрацы з беларускай дыяспарай. Але я павінен падкрэсліць, што калі б не якасць гэтай дыяспары, інструменты, якія ў нас былі ў нашым распараджэнні, не спрацавалі б так добра.
— Хто з беларускай дыяспары тут апынуўся?
— Дзіцячы хор «Мроя» і школа Равенскага, Пэнклуб, Тутэйшы тэатр. Прыходзіць шмат розных асобаў, бо тут можна рэпетаваць перад канцэртамі. Гэта месца шматфункцыянальнае, і акрамя калектываў і арганізацый, якія працуюць тут пастаянна, вельмі шмат іншых, часовых.
Тут шмат чаго адбывалася: народныя танцы, спектаклі, канцэрты, рэпетыцыі, літаратурныя і музычныя сустрэчы, майстар-класы. Цяжэй сказаць, чаго тут не было.
— Чаму вы нас падтрымліваеце?
— Магу расказваць, які я эмпатычны, але гэтая дзейнасць звязана са знешняй палітыкай Польшчы і можа разглядацца ў кантэксце польскіх нацыянальных інтарэсаў. Той факт, што Польшча сёння з’яўляецца цэнтрам беларускай культуры ў эміграцыі, а таксама тое, што з нядаўняга часу Святлана Ціханоўская жыве ў нашай краіне, для мяне, як дырэктара ўстановы, з’яўляецца вельмі выразным сігналам.
Стаўленне да беларусаў мае ў Польшчы глыбокую гістарычную аснову. І сёння гэты бэкграўнд асабліва важны, не толькі ў сувязі з тым, што робіцца ў свеце, але і таму, што сёлета Сенат і Сойм абвясцілі год Ежы Гедройця, палітыка і публіцыста, які нарадзіўся ў Менску, а пасля працаваў над падтрыманнем добрых стасункаў паміж Польшчай і краінамі на ўсход ад яе.
Польскі інтарэс заключаецца ў тым, каб на ўсход ад Польшчы існавала незалежная Украіна, а таксама незалежная і свабодная Беларусь. Гэта пытанне не абмяркоўваецца, калі нехта лічыць сябе патрыётам.
Вось гэта галоўная матывацыя нашай падтрымкі беларусаў, як і тое, што некалі мы ўтваралі адну дзяржаву. Спадчына той дзяржавы з’яўляецца агульнай. І ў нас, як у тых, хто мае прывілей жыць у свабоднай краіне, ёсць абавязкі, і мы не павінны забываць пра іх. Прынамсі, так я гэта трактую.
Яшчэ адна прычына такой падтрымкі палягае ў тым, што з 2020 года ў мяне было шмат кантактаў з беларусамі, якія прыехалі ў Варшаву. Гэта выдатныя людзі з унікальнай кампетэнтнасцю і багатым досведам, якія дадаюць шмат колераў у развіццё нашага горада. Я быў уражаны тым, што Беларусь пазбавілася ад такога сацыяльнага капіталу, і зразумеў, што беларуская культура заслугоўвае дапамогі, таму што яна павінна змагацца і быць захаванай. І калі дыяспару не падтрымаюць, ёй будзе цяжка: нават мова можа знікнуць.
— Які лёс чакае Старамейскі дом культуры і якая галоўная прычына трансфармацыі гэтай інстытуцыі?
— Я не ведаю адказу на гэтае пытанне. Трэба спытаць у мэрыі і Рады Варшавы, бо ператварэнне дома культуры ў дом літаратуры наступіць 1 студзеня 2027 года, а адзіная выразная прычына — гэта той факт, што Варшава не мае сваёй літаратурнай інстытуцыі. Працягваецца конкурс на пасаду дырэктара, так што многае будзе залежаць ад праграмы новай дырэкцыі.
— Але вы не захацелі ўдзельнічаць у гэтым конкурсе?
— Не, таму што не збіраюся нішчыць інстытуцыю, якую збудаваў па задумцы прафесара Хаўснера. Дом літаратуры будзе засяроджаны на літаратуры, таму ён перастане раўнацэнна ставіцца да іншых сфераў культуры. Моцным бокам Старамейскага дома культуры з’яўляецца міждысцыплінарнасць, якая ў тым ліку дазваляе супрацоўнічаць або прапаноўваць прастору такім розным беларускім арганізацыям і праектам. У новай установе для іх можа не знайсціся месца.
— Праца з беларускай дыяспарай – толькі адна з праграм вашага дома культуры. Дзе падзеліся ўкраінцы?
— Украінцы таксама выкарыстоўваюць гэтую прастору, але ўсе прысвечаныя ім праграмы дапамогі закончыліся. У цяперашні час прастора выкарыстоўваецца найбольш актыўнымі, тымі, хто хацеў тут застацца і развіваць свае ініцыятывы.
У той час, калі адбылася самая вялікая хваля дапамогі ўкраінцам, дапамога беларусам фактычна спынілася. Я заўважыў гэта вельмі хутка і падумаў, што ў гэтай сітуацыі варта адкрыць больш магчымасцяў для беларусаў.
У гэтым і заключаецца роля нашай установы: працаваць там, дзе не працуюць адміністрацыйныя праграмы.
У кожнай інстытуцыі, у якой працую, я выкарыстоўваю метад, які называю дыягностыкай у дзеянні. Калі мы нешта робім, то стараемся сабраць як мага больш інфармацыі ў працэсе працы, каб мець магчымасць хутка яе выкарыстоўваць. Гэты метад дае нам магчымасць ствараць сапраўды цікавыя і цікавыя фарматы, такія, як новы фармат месцаў лакальнай дзейнасці, не такі, як усюды ў Варшаве, а хутчэй арыентаваны на дыяспары.
— Вас вельмі цэняць за тое, што вы будуеце культурныя масты паміж людзьмі і інстытуцыямі. І напэўна ж, зможаце адказаць на пытанне, наколькі рэальна паўнацэнна развіваць беларускую культуру па-за межамі краіны?
— Я з’яўляюся дырэктарам установы, якая мае вельмі багатыя традыцыі. У Доме клубаў, які папярэднічаў Старамейскаму Дому культуры, з канца 1950-х адбываліся сустрэчы Клуба Крывога кола. У 1962 годзе Адам Міхнік заснаваў суполку, якую ён назваў Клуб шукальнікаў супярэчнасцяў. У гісторыі двух клубаў можна знайсці цесныя сувязі і спасылкі на парыжскі часопіс «Культура» з колам эмігрантаў – Гедройца, Мірашэўскага, якія адыгралі немалую ролю ў польскай культуры і палітыцы, а іх дзейнасць на працягу ўсяго перыяду эміграцыі стала асабліва прыкметнай пасля падзення камунізму.
Я адчуваю сувязь з гэтай традыцыяй. Культура можа развівацца ў чужой краіне.
А ў выпадку з беларусамі выйсця проста няма: культура павінна на чужыне абараняць сваю мову і традыцыі. Калі ў Беларусі застаецца нейкая творчая актыўнасць, а я лічу, што застаецца, то толькі ў глыбокім падполлі. Ці ў такіх формах, якія захоўваюць культуру, а не развіваюць. Хоць мы нічога не ведаем, можа, там стараюцца шэдэўры, пра якіх мы яшчэ не ведаем. Улічваючы маштабы эміграцыі з Беларусі, узровень адукацыі людзей, можна меркаваць, што з’ехала значная частка інтэлігенцыі — высокаадукаваная і творчая, важная для развіцця нацыянальнай культуры.
Выбару няма: ваша культура мусіць развівацца на чужыне
— Як культурніцкая дзейнасць у эміграцыі ў часы Польскай народнай рэспублікі паўплывала на саму краіну?
— Польскі досвед не толькі перыяду пасля Другой сусветнай вайны, але і перыяду вялікай эміграцыі пасля 1831 года даказвае, наколькі важная эміграцыя і якую ролю яна можа адыгрываць пасля аднаўлення свабоды — паралельна з людзьмі, асяродкамі, якія застаюцца ў акупаванай або заняволенай краіне. У эміграцыі можна і трэба ствараць асяроддзе, асабліва калі дыяспара такая ж якасная, як беларуская, якая будзе ўплываць на культурнае і інтэлектуальнае жыццё нацыі, у тым ліку і ў краіне. І на палітыку. І на будучыню.
— Вы шмат гадоў назіраеце за беларускімі мастакамі, музыкамі, тэатраламі. Чаго, на вашу думку, не хапае беларускім інстытуцыям культуры ў выгнанні? Што замінае? З чаго б мы маглі скарыстацца, а не карыстаемся?
— Галоўнае — не адчуваць віны і не думаць, што вы робіце нешта не так.
Проста ў Польшчы даволі складаныя сістэмы падтрымкі культуры ў параўнанні з Еўропай, а недастатковы аб’ём фінансавых рэсурсаў заўсёды выклікае вялікую канкурэнцыю. Акрамя таго, былі ліквідаваныя амаль усе праграмы, якія стваралі сувязі паміж польскай і беларускай культурай, мастакамі і ўстановамі.
У дачыненні да беларускай дыяспары ніколі не існавала адзінай палітыкі, але сетка польскіх асоб і інстытутаў, якія ажыццяўлялі гэты від дзейнасці, раней была нашмат большая. На гэтыя мэты былі грошы, якіх сёння не хапае.
У апошнія гады ў Польшчы зарэгістравана шмат беларускіх арганізацый, якія спрабуюць працаваць на еўрапейскім полі. Яны канкуруюць з польскімі суб’ектамі, значна больш дасведчанымі, напрыклад, у разуменні бюракратычных працэдур. І таму сёння існуе вялікая патрэба ў рэалізацыі сумесных праектаў. Напрыклад, такіх, якія дазволілі б беларускім арганізацыям стаць больш канкурэнтаздольнымі і прафесійнымі на польскім рынку. У ідэальным свеце гэта праца, якую трэба выконваць з абодвух бакоў, бо яшчэ шмат чаго трэба зрабіць.
— І што ў такім разе рабіць беларускім культурным дзеячам? Замкнуцца ва ўласнай культурнай бурбалцы?
— У Польшчы, як і ў любой краіне Еўразвязу, дзейнічае Хартыя асноўных правоў, а культурныя правы кожнага чалавека абароненыя. Таму кожная дыяспара мае права арганізоўвацца, клапаціцца пра сваю ідэнтычнасць і сваю ўласную мову.
Не трэба губляць самаідэнтыфікацыю ў працэсе адаптацыі да жыцця ў новай краіне. Акрамя таго, беларусы з’яўляюцца законнай нацыянальнай меншасцю, таму іх ідэнтычнасць і мова падлягаюць прававой абароне на тэрыторыі Польшчы. У гэтым кантэксце варта па-іншаму зірнуць на тое, што ў выніку міграцыі сэрца беларускай культурнай самабытнасці сёння б’ецца тут, у Польшчы. І гэта патэнцыял, на які трэба звярнуць увагу. Ён можа быць важны не толькі для выканання нашых еўрапейскіх абавязацельстваў, але і прывабны для польскай грамадскасці. Таму што беларуская культура вельмі цікавая, значна больш «еўрапейская», чым здаецца нам, палякам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram