Ілюстратыўнае фота. Дворык на Савецкай, 5. Фота: Аўтабізнес.
Вулічным музыкам забаранілі выступаць у цэнтральных дворыках Гродна. Пад забарону таксама патрапіла гучная музыка з калонак і дыджэй-сэты, — піша Hrodna.life.
Адна з прычын забароны – скаргі мясцовых жыхароў.
Відэа аб забароне выступленняў апублікаваў гродзенец bogislavovich. Рашэнне яго засмуціла. «Як па мне, тэматычныя дворыкі — гэта візітная картка нашага горада. Дворык на Маставой — крутое месца, бар «Пятніца», Templ, «Урбаніст», «Мята». Заўсёды куча-куча народу па выходных», — распавёў bogislavovich.
У Threads гродзенка Таццяна мяркуе: музыкі няма з-за таго, што ў адным з бараў перавысілі дэцыбелы. Гараджанка не разумее, чаму пакаралі ўсіх, а не толькі гэтую ўстанову.
У каментарах меркаванні гродзенцаў наконт забароны падзяліліся. Адны лічаць, што цішыня патрэбная жыхарам бліжэйшых дамоў. Іншыя мяркуюць, што моладзі цяпер няма дзе адпачываць.
«Усё правільна зрабілі. Людзі хочуць у сваіх кватэрах адпачываць, а не слухаць музыку пад вокнамі. Забаўляйцеся так, каб нікому не замінаць», — напісала Людмила.
«І арэлі знялі. Дворык з музыкай да 23:00, у чым праблема была, навошта забараняць. Я ў шоку», — адзначае К.
«Так, у «Одессе» ўжо ціха, вельмі шкада. І так, я бабка і жыву ў цэнтры — мне ўсё вельмі падабаецца і не перашкаджае», — піша Мята.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram