Мадэль драўлянай Воўпаўская сінагогі (другая злева) у экспазцыі Музея габрэйскага мастацтва і гісторыі ў Парыжы. Фота: сацсеткі Цэнтра беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны.
Відэаінсталяцыю Воўпаўскай сінагогі, распрацаваную Цэнтрам беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны, цяпер можна ўбачыць у Парыжскім музеі габрэйскага мастацтва і гісторыі (Musée d’art et d’histoire du Judaïsme). VR-рэканструкцыя знакамітага малітоўнага дому стала часткай пастаяннай экспазіцыі ўстановы.
Гэта стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву Беларуска-габрэйскага культурнага цэнтра і парыжскага Музея (MAHJ). У калекцыі інстытуцыі знаходзяцца драўляныя мадэлі сінагог з розных куткоў свету. І адна з іх — мадэль Воўпаўскай сінагогі, якую стварылі студэнтры школы l’ORT Канстанціна ці Алжыра ў 1950-х.
Воўпаўская сінагога з’яўляецца адной з найпрыгажэйшых ва Усходняй Еўропе. Пабудаваная ў першай палове XVIII стагоддзя, яна лічыцца шэдэўрам драўлянага дойлідства. У 1929 годзе будынак быў занесены ў спіс польскіх культурных славутасцей. Але ў Другую сусветную вайну малітоўны дом спалілі нацысты.
Віртуальная рэканструкцыя Воўпаўскай сінагогі была ажыццёўлена Цэнтрам беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны яшчэ ў 2024 годзе. Яна прадстаўляе два варыянты інтэр’еру сінагогі: да і пасля рамонту 1920-х гадоў, прапануе 360-градусны агляд сучаснага стану месца, дзе яна калісьці знаходзілася. А таксама раскрывае гісторыю сінагогі і значэнне яе мастацкіх і архітэктурных дэталяў. Віртуальная версія была створана цэлай камандай адмыслоўцаў — куратараў, гісторыкаў, рэстаўратараў, IT-інжынераў.
Цяпер відэаінсталяцыю сінагогі ў беларускай Воўпе можна пабачыць і ў Парыжы. Як адзначае каманда Цэнтра беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны, «ужо ўвосень праект будзе даступны для наведвальнікаў таксама і ў фармаце VR-досведу».
MAHJ — найбуйнейшы французскі музей габрэйскага мастацтва і гісторыі. Ён размешчаны ў гатэлі Hôtel de Saint-Aignan у раёне Марэ ў сталіцы Францыі.
Музей прадстаўляе багатую гісторыю і культуру габрэяў у Еўропе і Паўночнай Афрыцы ад Сярэднявечча да XX стагоддзя. Яго выдатная калекцыя рэлігійных прадметаў, архіваў, рукапісаў і твораў мастацтва прасоўвае ўнёсак габрэяў у культуру Францыі і свету. У калекцыі музея ёсць творы Марка Шагала і Амэдэа Мадыльяні, працы такіх мастакоў, як Суцін, Фрэнель, Мане-Кац ды іншых.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram