«Вось ты і дома…»: у вёсцы Бобр развіталіся з Алесем Пушкіным — фотафакт

Сёння ў вёсцы Бобр людзі развітваліся з мастаком Алесем Пушкіным. Reform.by удалося звязацца з беларускай, якая прыехала ў родную вёску творцы, каб правесці яго ў апошні шлях.

«Блізкія плакалі, узгадвалі рознае цікавае пра Алеся, чыталі Псалтыр па-беларуску, — распавяла яна пра тое, як людзі развітваліся з мастаком. — Потым было адпяванне ў царкве, і ад дома да царквы людзі неслі труну на руках. Складана сказаць, колькі было людзей, зразумела, што ў іншы час было б у разы болей. Але ў іншы час і нагоды такой не было б…».

Фота: N.
Фота: N.
Фота: N.
Фота: N.

Аднавяскоўцы Алеся прыйшлі падтрымаць яго жонку і дзяцей.

«Мясцовыя плакалі, абдымаліся з жонкай і дзецьмі. І старыя, і маладыя. Хтосьці прыходзіў у двор і потым сыходзіў, некаторыя далучыліся, калі неслі труну ў царкву».

Фота: N.
Фота: N.

Па словах жанчыны, Алеся Пушкіна хавалі ў вышыванцы і з ягоным капелюшом.

«Яшчэ ў труне, калі кветкі даставалі, я бачыла зялёны берэт. Мусіць, афганскі, не ведаю», — дадала яна.

«Гора адымае шмат сілаў, цяжка расказваць. Па маіх адчуваннях людзі сёння развітваліся з блізкім чалавекам, для якога ўсё жыццё — творчасць, — падсумавала яна. — Узгадвалі розныя цікавыя выпадкі, жыццёвыя і творчыя, пафасных прамоў я не чула. Усе агаломшаныя. Жонка, калі труну з Алесем прывезлі, выйшла сустракаць і сказала нешта кшталту: «Нарэшце, вярнуўся, ну, вось ты і дома». Гэта было проста невыносна…».

Фота: N.

Мастак Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня ў рэанімацыі гродзенскай бальніцы. Творцу даставілі туды з турмы №1 у несвядомым стане, з прабадной язвай, перытанітам і паліорганнай недастатковасцю. Палітзняволеннаму своечасова не аказалі дапамогу за кратамі.

У мастака засталося чацвёра дзяцей.

Зараз адбываецца збор сродкаў на падтрымку сям’і Алеся Пушкіна.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.