Вольга Гапеева ўганараваная прэстыжнай літаратурнай Прэміяй братоў Грым горада Ганаў у Нямеччыне

Вольга Гапеева атрымала літаратурную Прэмію імя братоў Грым горада Ганаў. Цырымонія ўзнагароджання пройдзе 16 лістапада на культурным форуме ў гэтым нямецкім горадзе.

Прэмія ўручаецца за выдатны празаічны, лірычны ці драматургічны твор на нямецкай мове. Такім чынам была адзначаная кніга Вольгі Гапеевай «Слоўнік намады» (Wörterbuch einer Nomadin), у якой яна даследуе складаныя ўзаемасувязі паміж мовай і прыналежнасцю.

У сваёй заяве журы падкрэсліла, што Гапеева ў сваіх літаратурных эсэ перадае пачуццё адрыву ад радзімы і здабыцця стабільнасці ў пастаянным руху. Нарадзіўшыся ў Мінску ў 1982 годзе, пісьменніца з 2020 года не можа вярнуцца ў родны горад па палітычных прычынах.

На думку журы, Гапеева будуе «дом мовы» з блокаў розных моў, дом, збудаваны на падмурку Еўропы, якая ўсведамляе свой патэнцыял і свае недахопы. Сваім «Слоўнікам намады» аўтарка дэманструе, як мова можа спрыяць крытычнаму мысленню і адначасова стаць надзейным сховішчам.

Вольга Гапеева жыве і працуе ў Аўстрыі і Германіі. З 2020 года піша на нямецкай мове.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram