Мотальскае вяселле на фестывалі «Мотальскія прысмакі». Фота: «Янаўскі край»
У Моталі Іванаўскага раёна ў 13-ты раз праходзіць Міжнародны фестываль фальклору «Мотальскія прысмакі», галоўнай тэмай якога сёлета стала «мотальскае вяселле».
Паводле арганізатараў, тэма фестывалю выбрана з прычыны таго, што старажытны вясельны абрад аб’ядноўвае людзей розных узростаў і да гэтага часу захоўваецца ў вёсках Палесся. Напрыклад, маталяне, праводзячы вяселле, выкарыстоўваюць многія элементы старой традыцыі.
Мотальскае вяселле — унікальны абрад, які з’яўляецца часткай нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Ён уключае ў сябе прыём сватоў, ад‘езд маладой з роднага дому, выкуп нявесты, выпяканне каравая… Апошняму ў Моталі прысвечаны асобны абрад, які таксама з‘яўляецца аб‘ектам нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.
Выпякаецца ён за пару дзён да вяселля жанчынамі, шчаслівымі ў шлюбе. Вымешваючы цеста, яны спяваюць каравайную песню.
Падчас фестывалю госці сталі сведкамі тэатралізаванага прадстаўлення: ад сватаўства да выкупу нявесты. Арганізавалі вяселле мясцовыя жыхары з Аполя, Моталя, Мохра, Рудска, Яечкавіч, Псышчава, Адрыжына, Залядыння.
Спачатку правялі абрадавыя дзеянні «Убыранне молодэі» і «Отправленне ў царкву», пасля — «Свахі», «Сустрэча маладых з царквы», «Вясельнае застолле», «Асыпанне молодэі», «Пасаг», «Выкуп скрыні», «Сустрэча ў доме маладога», «Прыданэ», «Вясельнае застолле», «Зніманне пакрывала», «Пырызоў», «Цыганы».
Каля Дома культуры зладзілі адмысловую выставу з 36 вясельных сукенак розных перыядаў: ад канца 1930-х гадоў да двухтысячных. Паказалі і арыгіналы з музея, і ўборы, якія жанчыны дзесяцігоддзямі захоўвалі на антрэсолях.
Падчас фестывалю на вуліцах Моталя разгарнуўся кірмаш «Суквецце мастацтваў», дзе свае вырабы прадстаўлялі больш за 300 рамеснікаў. І традыцыйны гастранамічны кірмаш: «Варым, жарым, готуім – высільны стыль шыхуем», выстава-продаж лекавых траў «Лясная кухня», «падворкі» традыцыйнай кухні маталян «Тут і мясо, і коўбаска – пачастуйтэс, калі ласка», выстава-дэгустацыя традыцыйных напояў «Мотальская шклянка», а таксама выстава-продаж прадукцыі мясцовых вытворчасцяў і фермерскіх гаспадарак «Вам понравыцца, чым мотолянэ славяцца» і іншыя актыўнасці.
Дзень завяршыўся дыскатэкай «Скокі на ўсе бакі».
На наступны дзень адбыўся круглы стол «Традыцыйна-абрадавая культура – сучасны стан і стратэгія развіцця», кулінарны батл «Барбекю па-мотальскі» і стол сяброўства «Частуем гасцей з усіх валасцей!…»
«Мотальскія прысмакі» — міжнародны фэстываль, які праходзіць у аграгарадку Моталь, пачынаючы з 2008 года. У тым жа годзе ён перамог у намінацыі «Падзеі. Свята года» ў Рэспубліканскім конкурсе «Пазнай Беларусь». У 2010 годзе фестываль упершыню прайшоў не ў адзін, а ў два дні.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram