Фота: сацсеткі брэнда.
Вядомы брэнд адзення і аксесуараў з нацыянальным каларытам «Honar» (Honar.by) спыняе сваю дзейнасць. Пра гэта каманда праекта паведаміла ў сторыз у сацыяльных сетках.
Крама яшчэ будзе працаваць да 19 ліпеня, потым яна закрываецца. Гэтыя звесткі пацвердзілі Reform.news чытачы з Беларусі, якія наведалі шоўрум.
«Honar» — брэнд аддзення, які быў заснаваны дызайнерамі Алесем Волкам і Карынай Адзерыха яшчэ ў 2014 годзе. Сама назва «Honar» ад пачатку адлюстроўвала галоўную ідэю стваральнікаў — прапанаваць беларусам сучаснае, стыльнае і якаснае адзенне, якое яны будуць насіць з гонарам у штодзённым жыцці.
Каманда «Honar» адной з першых на рынку адышла ад канцэпцыі звычайных кашуль-вышыванак з чырвонымі ўзорамі. Замест гэтага яны прапанавалі дызайнерскі крой, унікальныя аўтарскія інтэрпрэтацыі геаметрычных матываў і прынцып casual — стварэнне рэчаў, прыдатных для гарадскога рытму. Для сваіх калекцый дызайнеры часта выкарыстоўвалі натуральны лён і бавоўну.
Дзякуючы гэтаму падыходу, фірмовыя рэчы брэнда сталі вельмі папулярнымі не толькі сярод гараджан, але і ў асяроддзі беларускіх творцаў, музыкаў і акцёраў, якія часта выбіралі гэтыя рэчы для публічных выступаў, прэзентацый і здымак.
Захаваць на памяць кавалачак сучаснай беларускай культуры ўсё яшчэ можна на сайце брэнда або ў іх фізічнай прасторы. Нагадаем, шоурум у Мінску па вуліцы Ульянаўскай адчынены для пакупнікоў да 19 ліпеня ўключна.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram