«Вінаградава ў ШІЗА не зламалі». Вольскі запусціў хвалю салідарнасці з Паўлам Вінаградавым

20 лістапада “Вясна” паведаміла пра паўгадовае ўтрыманне ў штрафным ізалятары Паўла Вінаградава, палітычнага апанента рэжыму Лукашэнкі. Беларускі творца Лявон Вольскі назваў дадатковае пакаранне палітвязня “фашыстоўскімі катаваннямі” і заклікаў да хвалі салідарнасці.

Святлана Вінаградава, жонка Паўла, расказала ў Facebook, што ён «апошнія амаль 6 месяцаў з 7 правёў у ШІЗА з дробнымі перапынкамі. Цяпер атрымаў 2 месяцы ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Свядомасць ясная, малады, прыгожы, разумны – гэта мне павукі ў ШІЗА нашапталі. Гэта строгі рэжым, тут не пякуць бульбу, тут пякуць людзей».

«Гэта жудасныя катаванні», — сказаў пра ўтрыманне ў ШІЗА Лявон Вольскі.  

З верасня 2023 года група VOLSKI працуе над альбомам «Лісты палітвязням» і даследуе палітвязынства ў гісторыі Беларусі, выпускаючы відэазвароты. 20 лістапада выйшла новае відэа “Ліст#4: савецкія дысыдэнты, вежа-глушылка ў Менску і нашумелы выпадак з 60-х”. Праект ажыццяўляецца разам з Палітвязынка і Дэсыдэнтбай.

«Палову года правесці ў такіх умовах — гэта жудасць для чалавека. Там халодна, пастаянна свеціць лямпачка, там няма таго, што можна назваць ложкам — толькі адкідная палічка. Харчаванне ў вязніцы самі ведаце якое. Ведаючы Паўла, жыццярадаснага, іранічнага, дасціпнага чалавека… Безумоўна, яго хочуць зламаць. Але яны яго не зламалі дагэтуль», — кажа Лявон Вольскі пра катаванні Паўла Вінаградава.

Артыст зычыць палітвязню «моцнага здароўя і магутнасці, каб вытрымаць гэта ўсё».

Вольскі дадаў, што гэты і падобныя выпадкі катаванняў у ШІЗА трэба даследаваць і дакументаваць. Бо гэта, паводле ацэнкі Вольскага, «фашыстоўскія катаванні», і тых, хто гэтым займаюцца, хто даваў такія загады —  усё “павінна быць выведзена на свет, на ўсеагульны агляд”.

«Давайце, дарагія сяброўкі, шаноўныя сябры, падтрымаем Пашу Вінаградава лістамі, каб там завалілася ўсё вашымі лістамі. Каб мільёны лістоў прыйшлі ў гэтую вядомую Ваўкавыскую вязніцу», — творца заклікае падтрымаць хвалю салідарнасці з Вінаградавым. 

Падтрымайце Паўла: ПК № 11. 231900, Ваўкавыск, Ракасоўскага, 118, Павел Юр’евіч Вінаградаў.

Напісаць анлайн можна тут.

Паўла затрымалі 22 снежня 2021 года ў прыватным доме ў Беразіно. Палітвязня абвінавацілі па арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»), ч. 2 арт. 367 КК («Паклёп на Лукашэнку») і арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і асудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!