Каманда з шасці маладых ідэйна аб’яднаных беларусаў з рознымі акадэмічнымі і геаграфічнымі бэкграўндамі — ад палітычных даследаванняў у Брусэлі да графічных дызайнаў у Вільні — стварыла новую выдавецкую ініцыятыву «Дна няма», якая на сённяшні дзень знаходзіцца ў стратэгічным супрацоўніцтве з выдавецтвам Gutenberg.
Нішавае выдавецтва дэкларуе прынцыповую беларускамоўнасць і выданне кніг, звязаных з агульнасусветнай інтэлектуальнай традыцыяй.
«Пераклады самых важных тэкстаў, асвятляючых галоўныя дэбаты ХХ і ХХІ стагоддзяў, выходзілі ў перыёдыцы альбо кніжкамі, з’яўленне якіх мала для каго было заўважнай падзеяй. Тым больш сітуацыя пагоршылася ў эміграцыі: беларусы /знову/ замкнуліся на сабе. Кнігі засталіся канвенцыянальнымі, вокладкі перажываюць глыбокі крызіс ідэнтычнасці, хістаючыся паміж глабалізаванай нармалёвасцю, ШІ-слопам і фетышызацыяй беларускасці.
Мы верым, што нас атачаюць людзі, схільныя да глыбокага прачытання, пастаноўкі нязручных пытанняў і аб’ектыўных адзнак. Такія людзі, якія хочуць даведацца пра свет як мага болей і змяніць яго як мага радыкальней. Мы верым, што моладзі не хапае паветра ў беларускіх дыскурсах і гатовыя прапанаваць ім альтэрнатыву», — дэкларуюць ініцыятары выдавецтва. І апісваюць падставовыя прынцыпы новай ініцыятывы: незалежнасць ад грантавай падтрымкі амбасад і міністэрстваў, прынцыповая беларускамоўнасць, арыентацыя на моладзь і стаўленне да выдання кніг як да арт-праекта, у якім хаваюцца зачэпкі эпохі і аскепкі перажыванняў.
Гэта каманда ўжо мела дачыненне да разнастайных культурніцкіх праектаў, якія адгукнуліся беларускай публіцы, у тым ліку серыі «Акно ў прозу».
Першая кніга новага выдавецтва — беларускі пераклад выдання пра бессэнсоўную працу «Булшчыт Джобз» антраполага Дэвіда Грэбера.
Эсэ пра бессэнсоўную працу Дэвід Грэбер апублікаваў у 2013 годзе, яно стала вірусным і было перакладзена на дзясяткі моў, а праз пяць гадоў вырасла ў кнігу. Ён правёў даследаванне сярод белых каўняроў ЗША і Вялікабрытаніі, але ягоная кніга знайшла рэзананс па ўсім свеце. І беларусы, вымушаныя працаваць на выпадковых пасадах пасля эміграцыі, не будуць выключэннем.
Грэбер вылучае пяць тыпаў бессэнсоўных пасад: лакеі, якія існуюць, каб шэф выглядаў важным; наёмнікі, чыя праца — ціснуць на іншых; «затыкальнікі дзірак», якія выпраўляюць чужыя памылкі; «галачкі», што ствараюць выгляд, быццам нешта робіцца; і наглядчыкі, якія кіруюць тымі, каго не трэба кантраляваць. Ці не пазнаў ты ў гэтым спісе свайго былога кіраўніка? Або сябе?
Грэбер не спыняецца на дыягназе. Ён прапаноўвае абмеркаваць універсальны базавы даход як магчымы выхад.
У беларускай версіі выдання, якая выходзіць упершыню, чытач таксама можа азнаёміцца з уводным эсэ Насты Сташкевіч пра важнасць кнігі ў нашым супольным кантэксце. Кантэксце, у якім бессэнсоўная праца выступае не толькі як феномен позняга капіталізму, а яшчэ як і нашчадак савецкай ідэалогіі агульнай занятасці.
На дадзены момант каманда набыла правы і пераклала каля адной траціны тэксту. Цяпер можна падтрымаць выданне кнігі на платформе gronka, паскорыўшы яе выпуск.
Вашая дапамога, акрамя выпуску кнігі, дазволіць не ашчаджаць на друку, а таксама развіцца як сапраўднае выдавецтва «з сайтам, марамі і мерчам».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram