Фота ілюстратыўнае: bing.com
У аглядзе Беларускага ПЭНа адлюстраваны факты ціску і статыстыка пераследу беларускіх аўтараў за апошнія пяць гадоў.
Рыхтуючы агляд, са студзеня па жнівень 2025 года ПЭН правёў дзесяць інтэрв’ю з пісьменнікамі, паэтамі, перакладчыкамі, выкладчыкамі, выдаўцамі і даследчыкамі.
Пасля 2020 года беларуская кніга трапіла пад інстытуцыйны ціск, механізмы цэнзуры і адміністрацыйныя бар’еры ператварыліся ў сістэмны інструмент барацьбы супраць свабоды слова.
Аднак дзяржаўны сектар літаратуры працягвае падтрымлівацца за кошт адміністрацыйнага рэсурсу: выдавецтвы субсідуюцца, праўладны Саюз пісьменнікаў атрымлівае бюджэтныя сродкі, захоўваюцца практыкі савецкага часу – дзяржзаказ, дзяржзакуп, «добраахвотна-прымусовая» падпіска; у спіс «сацыяльна значных» выданняў уключаюцца кнігі праўладных прапагандыстаў.
Адначасова незалежны кніжны рынак апынуўся пад беспрэцэдэнтным ціскам: ідзе планамерная барацьба з «няправільнымі» кнігамі, іх аўтарамі і чытачамі.
Аднак нягледзячы на сталы ціск, творчае жыццё і літаратурны працэс не спыняюцца ў Беларусі ні на дзень: кожны і кожная працягваюць рабіць на сваім месцы тое, што могуць – «культура не можа аб’яўляць перапынкі».
На сённяшні дзень, што засведчваюць праведзеныя ПЭНам інтэрв‘ю, незалежныя аўтары фактычна пазбаўлены доступу да ключавой інфраструктуры: дзяржаўных кнігарняў, бібліятэк і культурных пляцовак. Правядзенне афіцыйных прэзентацый і сустрэч або немагчымае, або максімальна ўскладненае. Практыка цэнзуры і наяўнасць «чорных спісаў» прывялі да выціскання сучасных беларускіх літаратараў з публічнай прасторы і адукацыйных праграм, тады як у дзяржаўных выдавецтвах друкуюцца пераважна класікі і лаяльныя пісьменнікі. Кнігі апошніх гадоў застаюцца нябачнымі для даследчыкаў.
Незалежныя літаратурныя фестывалі і прэміі перамясціліся за межы краіны, візіты замежных аўтараў у Беларусь фактычна спынены. Дадатковы ўплыў на дзейнасць выдавецтваў аказваюць і еўрапейскія санкцыі. Распаўсюд кніг унутры краіны абмежаваны, частка незалежных выдаўцоў працуе за мяжой, аднак дастаўка іх прадукцыі ў Беларусь застаецца спарадычнай і ўскладненай.
Літаратары канстатуюць: з цягам часу рэпрэсіі набылі амаль «сімвалічны» характар – абвяшчэнне кнігі «экстрэмісцкай» ужо не выклікае ў грамадстве былога шоку (на адрозненне ад аўтара). Адна з рэспандэнтак параўнала сітуацыю са «сланом у пакоі», які займае ўсю прастору – але ўсе схільныя рабіць выгляд, нібы яго няма, быццам нічога незвычайнага не адбываецца. Такая своеасаблівая «нармалізацыя ненармальнага» стала часткай і культурнай паўсядзённасці.
«Адчуваецца вялікі культурны голад, але рэалізаваць, як бы наталіць гэты культурны голад праз тыя сцяжынкі, якія зараз ёсць, па якіх паступаюць кніжкі, проста немагчыма», — кажуць людзі ўнутры краіны.
Чытаць агляд цалкам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram