Пулітцэраўская прэмія, якая лічыцца адной з самых вядомых прэмій пасля Букераўскай, уручаецца штогод больш чым у 20 намінацыях, 7 з якіх з’яўляюцца літаратурнымі.
Сёлета былі названыя наступныя пераможцы ў літаратурных намінацыях:
Джэйн Эн Філіпс «Night Watch». Гэта раман аб псіхічным партрэце амерыканскага грамадства пасля Грамадзянскай вайны. Раман Джэйн Эн Філіпс распавядае гісторыю, якая адбываецца адразу пасля Грамадзянскай вайны ў вар’яцкім доме ў Заходняй Вірджыніі. Аўтар разглядае «Начны дазор» як трэцюю частку сваёй раманнай трылогіі, прысвечанай вайне, пасля кніг пра В’етнам і Карэю. Яна пачала працаваць над кнігай восем гадоў таму, але зараз тэма грамадзянскай вайны стала асабліва трывожнай і актуальнай: «Я спадзяюся, што людзі прачытаюць раман, адкінуць палітыку ў бок і адчуюць, што было ў той час», — мяркуе Джэйн Эн Філіпс.
Брэндон Сом «Tripas: Poems». Паэта Брэндона Сома журы ўзнагародзіла за напісанне «зборніка, які глыбока закранае складанасці мексіканскай і кітайскай спадчыны паэта».
Эбані Бут «Primary Trust». Тэмы гэтага твора пад назвай «Першасны давер» — жыццё, каханне, сяброўства і лёс 38-гадовага гандляра кнігамі Кенета. Журы палічыла п’есу «проста і элегантна складзенай гісторыяй, якая паказвае, як маленькія добрыя справы могуць памяняць жыццё чалавека».
Жаклін Джонс «No Right to an Honest Living: the Struggles of Boston’s Black Workers in the Civil War Era». Даследаванне амерыканскага сацыяльнага гісторыка Жаклін Джонс «Без права на сумленнае жыццё: барацьба чарнаскурых рабочых Бостана ў эпоху Грамадзянскай вайны» прысвечана пытанням праблематыкі спадчыны рабства і ўплыву яго адмены на чарнаскурае насельніцтва Бостана падчас і пасля Грамадзянскай вайны ў ЗША. У кнізе апісваецца абыходжанне з чарнаскурымі людзьмі ў Бостане ў той час, калі горад быў цэнтрам актыўнасці супраць рабства.
Джонатан Эйг «King: a Life». Кніга расказвае пра лідара руху за грамадзянскія правы ў ЗША Марціна Лютэра Кінга-малодшага. 700-старонкавы том, прысвечаны кожнаму этапу жыцця самага вядомага амерыканскага праваабаронцы, выдатна дакументаваны — ён змяшчае інфармацыю з нядаўна рассакрэчаных файлаў ФБР.
Іліён Ву «Master Slave Husband Wife: An Epic Journey from Slavery to Freedom». Пісьменніца Іліён Ву напісала мікрагістарычнае даследаванне пра незвычайную гісторыю шлюбнай пары рабоў, якія дзякуючы сваёй смеласці, рашучасці і вынаходлівасці ўцяклі з Паўднёвай Джорджыі ў 1848 годзе.
Крысціна Рывэра «Liliana’s Invincible Summer: a Sister’s Search for Justice». У кнізе пад назвай «Непераможнае лета Ліліяны: Сястра у пошуках справядлівасці» аўтарка апісвае ўласнае журналісцкае расследаванне забойства сваёй 20-гадовай сястры. У выданні спалучаюцца мемуары, фемінісцкія журналісцкія расследаванні і паэтычная біяграфія, аб’яднаныя рашучасцю, народжанай стратай.
Натан Трал «А Day in the Life of Abed Salama: Anatomy of a Jerusalem Tragedy». У кнізе Натана Трала «Адзін дзень з жыцця Абеда Салама: Анатомія Іерусалімскай трагедыі» пытанні акупацыі Ізраілем заходняга берага ракі Іярдан раскрываюцца праз гісторыю палестынскага араба, чый пяцігадовы сын раптам гіне з-за наступстваў збройнага канфлікту.
Уладальнікі прэміі акрамя медаля атрымліваюць грашовы прыз у памеры $15 000.
З поўным спісам лаўрэатаў можна пазнаёміцца на сайце прэміі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram