З 1 па 8 кастрычніка пад слоганам «Разам — лепей» ва Уроцлаве адбудзецца ХІ Фестываль Незалежнай Беларускай Культуры. У праграме — майстар-класы, выступы беларускіх аматарскіх тэатраў, шпацыры з экскурсаводамі, паэтычныя вечары, канцэрты, выставы, паказы фільмаў, дэбаты і акцыі салідарнасці.
Акурат у першы дзень фестывалю — 1 красавіка — адбудзецца акцыя салідарнасці з Украінай і палітвязнямі ў Беларусі. У ёй прымуць удзел Святлана Ціханоўская, Аляксандр Мілінкевіч, Аліна Коўшык. Святлана Ціханоўская адкрые форум і сустрэнецца з беларускай дыяспарай ваяводства, а таксама правядзе сустрэчы з маршалкам Ніжнесілезскага ваяводства і мэрам Уроцлава.
Кульмінацыяй першага дня стане паказ спектакля «Аўгуст» BY teatr у Цэнтры перфарматыўных мастацтваў Piekarnia.
У другі дзень фэсту, 4 кастрычніка, запланавана выстава фотаздымкаў «Цягнік Мінск — Уроцлаў», паэтычна-літаратурны вечар з Уладзімірам Някляевым ва Уроцлаўскім Доме літаратараў.
Тры імпрэзы чакаюцца на трэці дзень форуму — 5 кастрычніка. Гэта — адкрыццё выставы Аляксандры Канафальскай, сустрэча па кнізе «Камера 18», і ўроцлаўская прэм’ера монадрамы прымы незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» Зоі Белахвосцік «Мой хлеб».
Кіно і дэбаты плануюцца у пятніцу, 6 кастрычніка. У Бюро Еўрапейскага парламенту адбудзецца паказ уганараванай стужкі беларуска-польскай рэжысёркі Мары Тамковіч «У жывым эфіры». Там жа «разгарацца» дэбаты «Палякі пра беларусаў, беларусы пра палякаў».
Пяты дзень, 7 кастрычніка, будзе насычаны майстар-класамі. Па беларускіх мясцінах Уроцлава адбудзецца шпацыр з экскурсаводам. На пляцоўцы «Разам — лепей» распавядуць пра беларускія ініцыятывы ў горадзе. А таксама Кацярына Ваданосава ў Інстытуце гісторыі Уроцлаўскага ўніверсітэта правядзе «Мову нанова» па тэме «Беларускі традыцыйны строй: ад пасталоў да наміткі».
Завершыцца вечар выступамі беларускіх аматарскіх тэатраў «Дотык» і «У вобразе».
Кульмінцыяй падзеі стане шосты дзень фестывалю — нядзеля, 8 кастрычніка. У Доме-друкарні чакаецца адкрыццё выставы Алы Савашэвіч «Калі не бачна цела, гэта не пазначае, што не баліць». А ў Старым манастары адбудзецца канцэрт народнага гурта «Летапіс» і беларускія народныя танцы. Завершыць праграму канцэрт «Край» Кацярыны Ваданосавай і Аляксандры Канафальскай.
На працягу фестывалю беларусы Уроцлава будуць збірацца разам і пісаць лісты палітвязням. Запланаваны чатыры акцыі ў розны час і ў розных лакацыях.
«Мы перакананыя, што дзякуючы такім правявам салідарнасці, а таксама ўсім спробам пабудаваць сапраўдную супольнасць і злучыць людзей, мы становім лепшай версіяй сябе. Як асобы і як грамадства», — каментуюць арганізатары культурніцкую і грамадскую падзею.
Працоўныя мовы мерапрыемстваў — польская і беларуская.
Больш падрабязна дазнацца пра праграму незалежнага фэсту беларускай культуры можна тут.