«Ва ўсіх эпохах малявалі тое, што зразумела сучасніку»: мастак Уладзімір Кандрусевіч — пра вядомы роспіс «з Марадонай» у касцёле Святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску

Культура
Роспіс Уладзіміра Кандрусевіча ў Касцёле св. Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Фота: Reform.by.

Касцёл святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску — па праве можа лічыцца яшчэ адной славутасцю горада на Дзвіне. Святыня парафіі святога Уладзіслава адметная не толькі архітэктурай — яна выканана ў сучасным мінімалістычным стылі, але і ўнутраным ўбранствам — незвычайным роспісам беларускага мастака Уладзіміра Кандрусевіча.

Reform.by удалося трапіць на публічную экскурсію мастака, у якой ён коратка патлумачыў сюжэты выяўленых карцін і свой мастацкі погляд.

"Ва ўсіх эпохах малявалі тое, што зразумела сучасніку": мастак Уладзімір Кандрусевіч - пра вядомы роспіс "з Марадонай" у касцёле Святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску
Фрагмент роспісу Уладзіміра Кандрусевіча ў Касцёле св. Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Фота: Reform.by.

Па-першае, Уладзімір Кандрусевіч зазначыў, што ў сваёй працы для яго было важна зрабіць адсылкі да стылістыкі барока, якая была ўзята на ўзбраенне ордэнам езуітаў.

Ігнацый Лаёла, у гонар якога пасвечаны Касцёл — заснавальнік ордэна айцоў-езуітаў, — распавядае мастак. — Ён прыязджаў да Папы Паўла ІІІ прыкладна ў той час, калі Мікеланджэла распісваў «Страшны суд» у Сікстынскай капэле. Гэта быў пачатак часоў Рэфармацыі, і ордэн упадабаў эстэтыку барока. У пэўным сэнсе мой выбар эстэтыкі і быў абумоўлены захапленнем езуітаў барочнымі роспісамі сценаў. Мне захацелася зрабіць адсылкі да той стылістыкі, але ў выніку таго, што гэта мова мастацтва можа складана ўспрымацца, я вырашыў больш адаптаваць яе да сучаснасці, — распавядае жывапісец.

Так, Уладзімір Кандрусевіч вырашыў пагуляць з прасторай святыні і рознымі візуальнымі эфектамі. Рамы, якія падзяляюць роспіс на фрагменты, — не зроблены з дрэва, а намаляваны на сцяне.

"Ва ўсіх эпохах малявалі тое, што зразумела сучасніку": мастак Уладзімір Кандрусевіч - пра вядомы роспіс "з Марадонай" у касцёле Святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску
Фрагмент роспісу Уладзіміра Кандрусевіча ў Касцёле св. Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Фота: Reform.by.

Сама ж фрэска мае назву «Лесвіца ў неба».

У гэтым кантэксце адразу звяртаеш увагу на левы цэнтральны фрагмент фрэскі, на якім у адной з фігур можна пазнаць саліста гурта Led Zeppelin — Роберта Планта.

Так, у гурта ёсць песня «Stairway to heaven», — пагаджаецца аўтар, — але гэта тэма прасочваецца не толькі ў музыцы. Скажам, у літаратуры можна ўзнавіць радкі Ахматавай «Будто там впереди не могила, а таинственной лестницы взлет…», ці Бродскага «Когда ступеньки этой лестницы уходят из-под ног, как палуба…» — адсылак на гэты матыў шмат. Калі раней мастакі малявалі гару, якая з’яўлялася сімвалам духоўнага росту — шляху да неба, то мне падаецца, што сучасніку бліжэй і больш зразумела будзе метафара лесвіцы. Тым больш, што ў Беларусі няма гор, — тлумачыць свой погляд Уладзімір Кандрусевіч.

"Ва ўсіх эпохах малявалі тое, што зразумела сучасніку": мастак Уладзімір Кандрусевіч - пра вядомы роспіс "з Марадонай" у касцёле Святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску
Фрагмент роспісу Уладзіміра Кандрусевіча ў Касцёле св. Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Фота: Reform.by.

Мастак звяртае ўвагу на кампазіцыю роспісу — па гарызанталі ён падзелены на тры шэрагі.

Першы шэраг — гэта падземнае царства, катабасіс і сюжэты, звязаныя са спускам у пекла, — кажа ён. — Сярэдні шэраг — зямное жыццё. А верхні ўзровень — нябёсны.

"Ва ўсіх эпохах малявалі тое, што зразумела сучасніку": мастак Уладзімір Кандрусевіч - пра вядомы роспіс "з Марадонай" у касцёле Святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску
Фрагмент роспісу Уладзіміра Кандрусевіча ў Касцёле св. Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Фота: Reform.by.

Напрыклад, можа бачыць, як арханёл Міхаіл не пускае крывадушнікаў на неба, — указвае ён на верхні фрагмент фрэскі.

У яго меч джэдая? — пытаецца хтосьці з супольнасці.

Я стараўся перазадаваць сабе пытанні пра тыя рэчы, якія мы прызвычаіліся бачыць, наноў, — адказвае мастак. — Скажам, калі мы падумаем пра тое, як выяўляўся німб, — гэта можна трактаваць як заўгодна. Напрыклад, што німб — гэта светлавая энергетычная абалонка.Тады чаму меч арханёла не можа быць светлавым?

"Ва ўсіх эпохах малявалі тое, што зразумела сучасніку": мастак Уладзімір Кандрусевіч - пра вядомы роспіс "з Марадонай" у касцёле Святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску
Фрагмент роспісу Уладзіміра Кандрусевіча ў Касцёле св. Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Фота: Reform.by.

Скажам, я пачаў даследаваць чаму залаты колер — эталон святасці і вечнасці? — працягвае расповед Уладзімір Кандрусевіч. — А чорны колер — прыкмета цёмнага боку? Высветлілася, што ў Візантыі ў той час золата было самым дарагім матэрыялам. А самым дарагім пігментам з’яўляўся ляпіс блакіт — гэта напаўкаштоўныя камяні — і таму ім малявалі плашч Марыі. Усё гэтыя матэрыялы былі самымі дарагімі ў нашым рэальным і матэрыяльным жыцці. Усё з’яўлялася своеасаблівым эквівалентам.

Заходзіць размова пра выяву знакамітых людзей на роспісу. У прыватанасці, пра слынны вобраз  Дыега Марадоны.

"Ва ўсіх эпохах малявалі тое, што зразумела сучасніку": мастак Уладзімір Кандрусевіч - пра вядомы роспіс "з Марадонай" у касцёле Святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску
Фрагмент роспісу Уладзіміра Кандрусевіча ў Касцёле св. Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Фота: Reform.by.

Вы ведаце, што ў святароў ёсць звычай раз у год абмываць ногі камусьці са сваёй паствы, — пачынае адказ мастак. — І зусім не абавязкова, каб такі чалавек, якому робяць ласку, быў святы. Узгадаем Хрыста, які абмываў ногі сваім вучням перад Тайнай Вячэрай. Калі я рабіў эскіз да гэтага фрагменту, то ў медыя акурат з’явілася навіна пра смерць Марадоны (Сустветнавядомы футбаліст памёр у 2020 годзе — заўв. Reform.by), — шчыра дзеліцца аўтар. — Гэта звестка ўзнавіла ў маёй памяці ланцуг успамінаў пра шыкоўныя галы спартсмена. І я падумаў пра тое, што Папа Рымскі Францішак — сам з Аргентыны, з’яўляецца вялікім футбольным фанатам. Усё гэта звязалася — і нарадзіўся такі сюжэт: Папа Францішак абмывае ногі Марадоне.

Уладзімір Кандрусевіч зазначае, што часам людзі бачаць у выяўленых ім фігурах і тых асобаў, якіх ён зусіў не меў на ўвазе. Але адмовіць у інтэпрэтацыі сваёй працы гледачу ён не здольны.

Гучыць пытанне пра выяву мужчыны, які нясе выратавальны круг.

Для мяне — гэта тэма настальгіі па моры, якая прысутнічае ў Беларусі, —  адказвае Кандрусевіч. — Мы заўжды настальгуем па далёкіх «цёплых краях», па ўмоўным выраі.

Па-другое, выратавальны круг — гэта прамая метафара — мы маем патрэбу ў падтрымцы, нейкай «саломінцы», за якую можна трымацца, а калі яшчэ ўзнавіць вядомы надпіс на крузе  — S.O.S — які, нагадаю, расшыфроўваецца як Save Our Souls (Выратуйце Нашы Душы), — мне падаецца, усё злучаецца адно з адным цалкам арганічна.

Варта адзначыць, што нягледзячы на незвычайнасць у падачы вядомых рэлігійных тэм і сюжэтаў, праца Уладзімір Кандрусевіча ўражвае вольнай развагай і выдатным мастацкім выкананнем. Непасрэдна ў Касцёле адчуваецца ўздзеянне ад жывапіснага роспісу, якое не перадаецца на фотаздымках.

"Ва ўсіх эпохах малявалі тое, што зразумела сучасніку": мастак Уладзімір Кандрусевіч - пра вядомы роспіс "з Марадонай" у касцёле Святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску
Фрагмент роспісу Уладзіміра Кандрусевіча ў Касцёле св. Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Фота: Reform.by.

— У гэтай частцы фрэскі вы можаце бачыць, як хлочык запускае бурбалкі. Яны пераадольваюць гравітацыю, ляцяць у неба — і гэта ўжо метафара малітвы, добрых помыслаў, — звяртае ўвагу на яшчэ адзін сюжэт мастак. — Дух, дыханне, спірытус — гэта атрыбут жыцця. Гэта тэма ў розных формах выяўляецца тут, ды ў іншых маіх працах, —  дзеліцца ён.

У роспісе таксама ёсць выява паветранага шарыка, дырыжабля, кіта. Пераадольваючы гравітацыю, кіт лунае ў небе.

— Кіт можа ўспрымацца як сімвал хрысціянства, — кажа мастак.

Цікава, што ў фрагменце «Дабравешчанне» Марыя атрымоўвае ад Арханёла жоўтую стужку… — гучыць наступная рэпліка да гледача.

"Ва ўсіх эпохах малявалі тое, што зразумела сучасніку": мастак Уладзімір Кандрусевіч - пра вядомы роспіс "з Марадонай" у касцёле Святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску
Фрагмент роспісу Уладзіміра Кандрусевіча ў Касцёле св. Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Фота: Reform.by.

У традыцыі па-рознаму адлюстроўваюць яго словы і адказ Марыі. Я вырашыў зрабіць гэта ў выглядзе стужкі, на якой напісана «Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі…». Атрымаўся такі тэлеграф, — не стамляецца тлумачыць аўтар.

У фрэсцы Уладзіміра Кандрусевіча ёсць постаці, якія трымаюць у руках самыя розныя тэхнічныя інструменты — мабільныя тэлефоны, фотаапарат, віртуальныя акуляры… І гэтыя дэталі таксама становяцца падставай для пытанняў і развагаў.

Ва ўсіх эпохах малявалі тое, што зразумела сучасніку, а не гістарычным персанажам, — падсумоўвае Уладзімір Кандрусевіч. — Для мяне важна, наколькі рэлігія і мастацтва пераклікаюцца з сучасным жыццём, і з тым, што вакол нас.

"Ва ўсіх эпохах малявалі тое, што зразумела сучасніку": мастак Уладзімір Кандрусевіч - пра вядомы роспіс "з Марадонай" у касцёле Святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску
Фрагмент роспісу Уладзіміра Кандрусевіча ў Касцёле св. Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Фота: Reform.by.

Уладзімір Кандрусевіч — мастак-манументаліст, жывапісец, у даробку якога — роспісы сямі святыняў. Фрэска ў касцёле Святога Ігнацыя Лаёлы — яго восьмая праца.

"Ва ўсіх эпохах малявалі тое, што зразумела сучасніку": мастак Уладзімір Кандрусевіч - пра вядомы роспіс "з Марадонай" у касцёле Святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску
Касцёл Святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Фота: Reform.by.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: