«Увага Адлегласць»: фестываль «Паўночнае ззянне», які пройдзе з 13 па 26 лістапада, абраў свой слоган

IX фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне», даты правядзенення якога — 13-26 лістапада, аб’явіў свой маніфест і слоган. Ён гучыць як «Увага Адлегаласць».

«На адлегласці мы можам размаўляць, але нам вельмі лёгка згубіцца. На адлегласці мы можам глядзець адно аднаму ў вочы, але праз шыльду экрана. На адлегаласці мы можам плакаць, але не можам вылечваць нашыя самыя балючыя раны. Адлегласць прымушае востра адчуваць страту, непражытае, неадрэфлексаванае», — піша дырэктарка фестывалю «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская.

«На адлегласці час змяняе хаду, блытаюцца часавыя паясы, мовы, кірыліца і лацінка. На адлегласці перастаём пераводзіць беларускія рублі ў еўра і наадварот. На адлегаласці паміж намі крымінальныя справы, параноя і празмерная асцярожнасць. Мы падзеленыя на тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся. Хаця мы ўсе яшчэ як і раней, адзін бясстрашны народ».

Акурат зараз каманда праекта рыхтуе праграму фэсту.

У цэлым дзявятая эдыцыя форуму скандынаўскага, балтыйскага і беларускага кіно пройдзе ў гібрыдным фармаце: анлайн фільмы «Паўночнага ззяння» можна будзе глядзець на сайце фестывалю; афлайн – у кінатэатрах у Таліне і Вільні.

Праграмным дырэктарам сёлетняй Беларускай праграмы – адной з дзвюх галоўных секцый агляду – выступае кінааналітык і экс-праграмны дырэктар кінафестывалю «Лістапад» Ігар Сукманаў.

Нагадаем, што ў падборцы фільмаў фестывалю рабіўся акцэнт на кіно розных жанраў і настрояў, эксперыментальных карцін, аўтарскіх, вострасацыяльных, – чакаем такога ж узроўню ад новага фэсту.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.