На конкурс пісьменніка і перакладчыка Уладзіслава Гарбацкага заявіла беларускае выдавецтва ў Лондане. Менавіта ў гэтым выдавецтве выйшаў пераклад на беларускую мову кнігі ўкраінскага гісторыка і аднаго з арганізатараў Акадэміі навук Украіны ў 1918 годзе Агатангела Крымскага «Бэйруцкія апавяданні».
«Бэйруцкія апавяданьні» ўпершыню былі выдадзеныя ў 1906 годзе на ўкраінскай мове. У анатацыі выдавецтва Skaryna Press кніга вызначаецца як жыццярадасны псіхалагічны і сатырычны шэдэўр, а таксама – каштоўны мастацкі і этнаграфічны матэрыял для разумення Лівана і Блізкага Усходу. Яе аўтар Агатангел Крымскі (1871–1942) меў беларускія карані, але паходзіў з крымскататарскага роду, які прыняў праваслаўе. Яго прадзед пражываў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Барысаве, а дзед — у Мсціславе Магілёўскай вобласці.
Уладзіслаў Гарбацкі валодае ўкраінскай і французскай мовамі і натуральна перадае арабскія тэрміны, якімі перасыпаны аповед А. Крымскага. Пераклад Гарбацкага – сапраўднае перастварэнне, у якім складаны арыгінальны тэкст гучыць натуральна і набывае новыя, актуальныя для беларускай аўдыторыі сэнсы.
У доўгі спіс прэтэндэнтаў на прэмію, надрукаваным на старонцы ўкраінскага ПЭНа, патрапілі яшчэ 14 перакладчыкаў. Імя лаўрэата будзе абвешчана вясной падчас цырымоніі ўзнагароджання ва Украіне. Лаўрэат атрымлівае статуэтку, створаную ўкраінскай мастачкай Ганнай Звягінцавай, і прыз у памеры 3000 еўра (уключаючы падаткі), а таксама дадатковыя магчымасці для прафесійнага росту і прасоўвання работ.
Drahomán Prize — прэмія для перакладчыкаў з украінскай мовы на мовы свету, заснаваная ў 2020 годзе Украінскім інстытутам, украінскім ПЭНам і Украінскім інстытутам кнігі. Прэмія ўручаецца за высокае перакладчыцкае майстэрства і прасоўванне ўкраінскай літаратуры за мяжой.