Увечары 7 траўня ў Арэне Мальмё адбыўся першы паўфінал «Еўрабачання-2024», на якім выступленне ўкраінскіх артыстак Alyona Alyonа & Jerry Heil скарыла гледачоў вядомага конкурсу. Прыгожая песня пра моц жанчын і веру ў перамогу, эфектны нумар і харызма спявачак забяспечыў жаночаму дуэту месца ў фінале.
«З нами Мама Тереза і Діва Марія
Босі, ніби по лезу, йшли по землі
With us mama Teresa, Diva Maria
All the Divas were born as the human beings» , — так гучыць прыпеў песні Teresa & Maria, кампазіцыі, якую выконвалі ўкраінскія спявачкі. Твор распавядае пра барацьбу і боль, цяжкі шлях, ды пры гэтым жаданне захаваць у сваім сэрцы любоў і спагаду, нягледзячы на выпрабаванні. Песня — пра веру ў перамогу і дапамогу продкаў.
Жанрава песню акрэсліваюць як электра-фолк-кампазіцыю. Alyona Alyonа ў ёй чытае рэп.
Нумар украінскім выканаўцам паставіла вядомая рэжысёрка, кліпмейкерка з Украіны Таня Муньё, якая працавала з Кэці Пэры, Гары Стайлзам ды іншымі сустветнавядомымі артыстамі. Шоу, нягледзячы на абстрактнасць вобразаў, мае візуальныя адсылкі да вайны ва Украіне.
Яшчэ да выступу 7 траўня перад тэлегледачамі букмейкеры называлі шоу Alyona Alyonа & Jerry Heil сярод фаварытаў конкурсу.
Гэтаксама разам з прадстаўніцамі Украіны ў фінал па выніках першага паўфіналу прайшлі Ірландыя, Літва, Харватыя, Кіпр, Славенія, Люксембург, Сербія, Партугалія, Фінляндыя.
Другі паўфінал «Еўрабачання» адбудзецца 9 траўня. А фінал тэлевізійннага песеннага конкурсу 11 траўня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram