Паштовая марка «Рускі ваенны карабель, ідзі…!» атрымала найвышэйшую ўзнагароду Міжнароднай філатэлістычнай прэміі ASIAGO (Італія), якая лічыцца філатэлістычным Оскарам, — паведамляе «Укрпошта».
За найлепшую марку спаборнічалі 35 краін-удзельніц. Урачыстая цырымонія і ўручэнне ўзнагарод адбыліся 23 ліпеня на муніцыпальнай плошчы горада Азіяга ў правінцыі Вічэнца.
«Такую высокую ўзнагароду «Укрпошта» атрымала за ўнікальную і беспрэцэдэнтную рэакцыю на расійскую агрэсію і адметную ідэю ўвасаблення. Замест традыцыйнага звароту да зброі, сцэн барацьбы, выкарыстання сімволікі і вобразаў, звязаных з вайной, на паштовай марцы «Рускі ваенны карабель, Ідзі…!» намаляваны зразумелы кожнаму жэст, якім украінскі вайсковец апелюе да ворага на прапанову здацца«, — гаворыцца ў паведамленні.
Паштовую марку прэзентавалі 12 красавіка 2022 года ў знак ушанавання гераізму ўкраінскіх памежнікаў з вострава Змяіны.
У конкурсе на эскіз маркі, які быў абвешчаны 1 сакавіка, прынялі ўдзел амаль 500 мастакоў.
Аўтар эскіза — Барыс Грох. Ён родам з Крыма, цяпер жыве ў Львове. За яго працу прагаласавалі больш за 1700 чалавек. Марка выпушчаная ў двух наміналах (для адпраўкі па Украіне і за мяжу) накладам 1 мільён.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram