Olia Shnip BAND — музычны калектыў, які нарадзіўся ў выніку рэзідэнцыі Дома Творцаў у 2023 годзе. Аўтарамі праекта выступілі спявачка Воля Шніп і яе муж, былы палітвязень, саўндпрадзюсер і музыка гурта Irdorath Антон Шніп. У склад гурта ўвайшлі творцы са знакамітых гуртоў Беларусі. І першы сольнік навастворанага гурта адбудзецца ўжо на наступным тыдні — 18 студзеня, у Варшаве, па адрасе Pulawska, 114.
Музыка калектыву — гэта шматграннае спалучэнне жанраў і розных стыляў: ад hip-hop, pop, балад, rock, jazz, folk, gospel, classical да мюзікла, оперы, grunge, funk.
«Пра голас Волі Шніп кажуць — беларуская Адэль і Лэдзі Гага», — адзначаецца ў прэс-рэлізе.
«Мы поўнай хадой рыхтуемся да нашых будучых канцэртаў і спяшаемся абвясціць, што ў асаблівых выпадках з намі будуць падзяляць сцэну нашыя дарагія сябры з Варшаўскага Вольнага Аркестра / Warsaw Freedom Orchestra, — анансуе канцэрт Вольга Шніп. — Гэта значыць, так, мы проста будзем іграць з камерным аркестрам! І гучаць гэта ўсё абяцае вельмі цікава — стэй цюнд!».
«Праграма канцэрта – гэта ўнікальнае спалучэнне моцнага харызматычнага вакалу з рознажанравымі аранжыроўкамі ды лірыкай, натхнёнай «беларускім вопытам» апошніх год. Вас чакаем музычнае шоу з элементамі тэатральнага перформансу», — падкрэсліваецца ў прэс-рэлізе.
Уваход на шоу вольны, але данаты вітаюцца. Пачатак канцэрта Olia Shnip BAND пры ўдзеле Варшаўскага Вольнага Аркестра — 19.00.
Падрабязней пра падзею тут.