Персанальная выстава «Прыручаны Бестыярый» беларускага стрыт-арт мастака і ілюстратара Дзімы Каштальяна працуе ў mia art gallery ва Уроцлаве.
«Прыручаны Бестыярый» — гэта дзіўныя жывёлы: кошкі, малпы, слімакі, яшчаркі, птушкі. Але ўсё не так проста, — піша куратар выставы — Багуслаў Дэптула, — таму што малпы часта апранаюцца як ружовыя коткі, коткі як людзі, а таксама ў яго творчасці з’яўляюцца незвычайныя істоты: чарапахі-птушкі, ці птушкі-слімакі, змеі-птушкі ці яшчэ больш складаныя яшчаркі-птушкі-чарапахі. І шмат разнастайнай гібрыднай драбязы: чарвячныя слімакі, дзюбавыя змеі, мудрагеліста трансфармаваныя маленькія птушачкі неіснуючых формаў. На адной з работ можна ўбачыць і самога мастака, які падглядвае за сцэнай, якую ён сам толькі што намаляваў.
Дзмітрый Каштальян пачынаў з класічнага графіці. Цяпер у сваіх станковых творах ён выкарыстоўвае арыгінальную дэталізаваную тэхніку dotwork pointillism — малюнак кропкамі. Кожная яго выява складаецца з тысяч маленькіх кропак і тонкіх ліній, намаляваных ад рукі, што дазваляе мастаку дасягнуць уражальнага ўзроўню дэталізацыі і плаўных танальных пераходаў.
«Мая Мастацкая ДНК? Цудоўная сумесь кропкавай працы, пуантылізму і пункцірнай тэхнікі, дапоўненая ноткамі вулічнага мастацтва», — тлумачыць мастак у сацсетках.
Яго працы былі прадстаўлены на выставах па ўсім свеце. Мастак супрацоўнічаў, сярод іншага, з Lavazza, Harper’s Magazine, AFAR Media і брэндам адзення Cropp.
Выстава працуе да 21 верасня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram