«У войнах сэнсаў у XXI стагоддзі не варта супрацьстаяць бібліятэкарам»: лонданскі The Guardian піша пра ўкраінскі культурны фронт

Культура
Бібліятэка ў Чарнігаве ў красавіку 2022 года. Фота: Rex/Shutterstock

Беларускае выдавецтва ў Лондане «Скарына» (Skaryna Press) заўважыла ў The Guardian/Observer артыкул пра гераічную працу ўкраінскіх бібліятэкараў падчас вайны.

Артыкул Стывена Марча пад назвай «»Наша місія мае вырашальнае значэнне»: пазнаёмцеся з ваярамі-бібліятэкарамі Украіны» сапраўды вельмі сімптаматычны. Ён пра тое, як Расія рэалізуе сваю стратэгію на знішчэнне бібліятэк, каб выкараніць пачуццё ідэнтычнасці ўкраінцаў. І як бібліятэкары з дапамогай міжнароднай супольнасці вядуць сваю культурную вайну.

Пераклалі ды пераказалі для вас ключавыя фрагменты. Сам артыкул можна прачытаць тут.

Войны ХХІ стагоддзя з’яўляюцца гібрыднымі, яны вядуцца на ўсіх без выключэння франтах: ваенным, эканамічным, палітычным, тэхналагічным, інфармацыйным, культурным. Культурны фронт часта ігнаруецца ці лічыцца другасным, аднак насамрэч ён асноватворчы. Войны гэтага стагоддзя – гэта войны за сэнс: калі вы прайграеце на культурным фронце, ваеннае і эканамічнае панаванне хутка разбураецца… У вайне за сэнс расіяне прайгралі ў першы ж дзень. Іх упэўненасць, што ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасці не існуе, аказалася памылковай, што б ні здарылася цяпер. Пытанне, што застаецца, не ў тым, ці існуе ўкраінская ідэнтычнасць, а ў тым, ці можа Расія знішчыць гэтую ідэнтычнасць, якую яна лічыць не больш чым памылкай.

Бібліятэкі, піша аўтар артыкула, – знаходзяцца на перадавой гэтай вайны. Рускія нацэліліся на іх адразу. З пачатку вайны акупанты знішчылі больш за 300 дзяржаўных і ўніверсітэцкіх бібліятэк, і некалькі тысяч школьных. Так, напрыклад, толькі ў Кіеве 10 кастрычніка рускія разбамбілі навуковую бібліятэку Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, Нацыянальную бібліятэку Украіны імя Вярнадскага, нацыянальную навуковую медыцынскую бібліятэку Украіны і Кіеўскую гарадскую юнацкую бібліятэку. Знішчаны дзяржаўны архіў у Чарнігаве, які захоўваў звесткі пра рэпрэсіі савецкіх часоў. У Бучы разрабаваны архівы і разбураны ўсе захопленыя ўстановы культуры.

Бібліятэчны культурны фронт прыняў дзве формы змагання: захаванне фізічных артэфактаў і хуткая аблічбоўка архіваў.

Нацыянальныя скарбы, такія як берасцяныя рукапісы ранняга Славянскага перыяду або арыгінальныя карціны і рукапісы паэта Тараса Шаўчэнкі, надзейна захоўваюцца ў вогнеўстойлівых кантэйнерах. Праблема вялікіх архіваў была больш складанай. У пачатку вайны дзяржаўныя архівы былі алічбаваныя ўсяго на 0,6%. Іх захаванне патрабавала хуткай мабілізацыі.

Ганна Кіяс, бібліятэкар-музыкант з універсітэта Тафтса ў ЗША, 26 лютага напісала ў твітары пра свае планы правесці «мерапрыемства па выратаванні даных» для ўкраінскіх архіваў. Калегі са Стэнфарда і Аўстрыйскага цэнтра лічбавых гуманітарных навук і культурнай спадчыны мабілізаваліся і ўжо 1 сакавіка разам запусцілі ініцыятыву “Захаванне ўкраінскай культурнай спадчыны анлайн” (Saving Ukrainian Cultural Heritage Online, SUCHO). Цягам тыдня да SUCHO далучыліся больш за тысячу валанцёраў, многія з іх працавалі па 12 гадзін пасля сваёй асноўнай працы. Да сярэдзіны сакавіка яны ўжо каардынавалі працу з Міністэрствам культуры Украіны, Міжнароднай федэрацыяй бібліятэчных асацыяцый, Міжнароднай радай музеяў і аддзелам «Памяць свету» ЮНЕСКА.

Пасля першапачатковай спешкі з алічбаваннем і захаваннем валанцёры з SUCHO пачалі забяспечваць неабходным абсталяваннем украінскіх архівістаў. Калі вайскоўцам патрэбныя сістэмы супрацьпаветранай абароны, бібліятэкарам патрэбныя планшэтныя сканеры Epson за 5000 еўра і люстраныя фотаапараты Nikon за 3250 еўра. SUCHO цяпер таксама вучыць бібліятэкараў і архівістаў, і забяспечваюць рэзервовае капіяванне. Украінцам неабходна алічбаваць каля 86 мільёнаў адзінак захоўвання. Да гэтага часу 50 ТБ даных ужо былі заархіваваныя дзякуючы велізарным калектыўным і глабальным высілкам.

Нягледзячы на вайну, бібліятэкі працягваюць дзейнасць – і не толькі асветніцкую. Яны функцыянуюць як цэнтры для перамешчаных асоб, прапануюць псіхалагічныя кансультацыі для траўміраваных груп насельніцтва. Яны даюць прастору для арт-тэрапіі. Бібліятэкары прыносяць кнігі ў бамбасховішчы.

Тым часам украінскія бібліятэкі зноў пачынаюць набіраць супрацоўнікаў. Пачынаюць адкрывацца чытальныя залі. Супрацоўнікі аднаўляюць працу бібліятэк, якія павінны ствараць культуру штодня, зала за залай, кніга за кнігай. Бібліятэкі існуюць, бо каштоўныя рэчы, якія яны захоўваюць – словы, сэнсы, супольнасці чытачоў – патрабуюць прытулку. Уразлівасць культуры, аднак, не азначае яе слабасці. Культуры квітнеюць у мірны час, але самавызначаюцца у супраціве. У войнах сэнсаў у XXI стагоддзі не варта супрацьстаяць бібліятэкарам. Яны захоўваюць і актуалізуюць сэнсы.

 

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: